Пошук

17.12.2019 15:52   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

14 снежня ў парафіі Маці Божай Каралевы Супакою ў Альбярціне (Слонімскі дэканат) ушанавалі памяць ахвяраў Другой сусветнай вайны.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, супольная малітва сабрала ў святыні шматлікіх вернікаў з наваколля і здалёк. Удзел у ёй узялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і брат Алег Шэнда OFMCap, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

На пачатку брат Юрый Катовіч OFMCap, душпастыр альбярцінскіх вернікаў, распавёў сабраным пра тое, як 77 гадоў таму падчас адной з масавых расправаў у ноч з 18 на 19 снежня 1942 г. на месцы пад назвай Петралевіцкая гара пад Слонімам былі знішчаны сотні людзей.

Сярод забітых нацыстамі былі дзве законніцы — сястра Марта Валоўская, актыўная і энергічная настаяцельніца, і сястра Ева Наішэўская, ціхая і засяроджаная лекарка і настаўніца.

Гэтыя законніцы, жыццё якіх было цесна звязанае, хоць кожная ішла сваім шляхам да Бога і святасці, належалі да Кангрэгацыі сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёстры прыехалі ў Слонім незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны. Абедзве вылучаліся душэўным супакоем і сілай духу. Разам прайшлі крыжовым шляхам дзвюх акупацый: савецкай і нямецкай. перажылі прыніжэнне, беднасць і голад, пазбаўленне даху над галавой і нават свабоды.

Сціплыя і заўсёды гатовыя дапамагчы, яны падтрымлівалі патрабуючых, галадаючых, сем’і вязняў і забітых. На тэрыторыі кляштара яны хавалі габрэяў, патаемна дапамагалі людзям, якія ўцяклі ў лясы каля Слоніма. У цёмныя ночы ці ў непагадзь тыя прыходзілі ў кляштар, каб атрымаць ад сясцёр якую-небудзь ежу, а таксама бінты, лекі, медыцынскую дапамогу.

Законніц шматразова перасцерагалі аб небяспецы, якая ім пагражае, аднак, нягледзячы на гэта, яны не спынялі сваю дзейнасць да самай сваёй мучаніцкай смерці.

20 гадоў таму, 13 чэрвеня 1999 г. папа Ян Павел ІІ за непахіснасць у веры і мужнасць далучыў забітых нацыстамі сясцёр Марту Валоўскую і Еву Наішэўскую да ліку благаслаўлёных разам з іншымі 108-ю мучанікамі Другой сусветнай вайны.

Падчас набажэнства ў Альбярціне біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў абразы сясцёр, якія з гэтага часу будуць змешчаны ў святыні.

У прамоўленым падчас святой Імшы Божым слове пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што мясцовы Касцёл можа ганарыцца такімі нябеснымі заступніцамі, чыя мучаніцкая кроў асвяціла нашу зямлю.

Іерарх дадаў, што іх прыклад заахвочвае сучасных людзей быць адважнымі ў вызнаванні сваёй веры.

Падчас працэсіі з дарамі да алтара былі прынесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр, якія былі змешчаны каля іх абразоў.

Пасля Імшы сабраныя скіраваліся на Петралевіцкую гару — адну з Галгоф ХХ стагоддзя, дзе адбыліся тыя трагічныя падзеі. На месцы мучаніцкай смерці соцень нявінна закатаваных нацыстамі людзей удзельнікі набажэнства памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Абноўлена 17.12.2019 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця