Пошук

18.12.2019 12:45   Тэкст: Ганна Якімовіч, Анастасія Грышан / Фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

Калядная сустрэча супрацоўнікаў і валанцёраў Caritas з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і біскупа Юрыя Касабуцкага прайшла 17 снежня ў цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам.

Сустрэча распачалася супольнай святой Імшой за ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў і ахвярадаўцаў Caritas, цэлебрацыю якой узначаліў арцыпастыр.

У прамоўленай гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на тое, што з гэтага дня пачынаецца другі перыяд Адвэнту — перыяд непасрэднай падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння.

 

«Сёння мы павінны праз прызму гісторыі Старога Запавету і таямніцы Богаўцелаўлення паглядзець на навакольны свет, каб заняць адпаведнае месца ў ім, — дадаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — Мы прызнаём, што гэты свет — грахоўны свет.

Езус становіцца чалавекам, каб увайсці ў гэты „нечалавечы“ свет і зрабіць яго больш чалавечым. Ён гэта робіць праз паслугу Касцёла, у якім асаблівае месца займаюць керыгма — абвяшчэнне Божага слова, літургія — цэлебрацыя сакрамэнтаў, у якіх атрымліваем Божую ласку, і дыяконія — справы міласэрнасці ў служэнні бліжняму».

Дыяконія, адзначыў іерарх, мае вялікае значэнне. З першых стагоддзяў хрысціянства вызнаўцы Хрыста пераймалі Яго прыклад дапамагаць патрабуючым.

Арцыбіскуп нагадаў, што дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas у Беларусі існуе амаль 30 гадоў.

«Колькі за гэты час дабрачынных праектаў было рэалізавана, колькі людзей атрымала страчаную надзею, колькі дзяцей спазнала радасць адпачынку — ведае толькі Бог», — заўважыў ён.

Арцыбіскуп выказаў удзячнасць супрацоўнікам дабрачынных арганізацый і заклікаў іх «яшчэ шырэй адкрыць свае сэрцы на Езуса, які прыходзіць, каб Ягоную любоў практыкаваць у штодзённым жыцці і гэтым перамяняць свет на лепшы».

На заканчэнне святой Імшы кожны ўдзельнік атрымаў прыміцыйнае благаслаўленне ад дырэктара Caritas Пінскай дыяцэзіі ксяндза Януша Чарнаморава, які ў мінулую суботу прыняў сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння.

Перад тым, як дзяліцца аплаткамі, дырэктары Нацыянальнага і чатырох дыяцэзіяльных Caritas распавялі аб той працы, якую атрымалася зрабіць за мінулы год, а таксама падзяліліся планамі на год надыходзячы.

Біскуп Алег Буткевіч, адказны ў беларускім каталіцкім епіскапаце за справы дабрачыннасці, справядлівасці і міру, выказаў падзяку ўсім кіраўнікам, супрацоўнікам і валанцёрам Caritas за іх самаадданасць і любоў да сваёй працы: «Шчыра хачу падзякаваць усім тым, хто мае дачыненне да гэтай справы. Па-першае, нашым святарам, адказным за Caritas, таму што вы робіце гэта на высокім узроўні.

Справа міласэрнасці, якой Касцёл займаецца, фактычна, ад пачатку свайго існавання, — гэта не толькі дапамога патрабуючым. Поруч з дабрачыннасцю заўсёды ідзе справа евангелізацыі — абвяшчэння людзям Хрыста.

Caritas — гэта не толькі матэрыяльная дапамога. Гэта структура, якой можна давяраць і з якой можна і трэба супрацоўнічаць.

І гэты аўтарытэт мы павінны захаваць у нашым Касцёле, сярод вернікаў і духавенства», — адзначыў біскуп Віцебскі.

Іерарх дадаў, што праца ў Caritas — гэта асаблівае пакліканне і праз тых, хто яго рэалізуе ў сваім жыцці, дзейнічае сам Бог.

«Чым больш мы дазволім Яму дзейнічаць, тым эфектыўней будзе гэтая праца. Жадаю поспехаў, каб Бог даў сілы, вытрымку і радасць; няхай ваша праца будзе на карысць патрабуючых», — пажадаў на заканчэнне біскуп Алег Буткевіч.

Дырэктар Caritas Беларусь ксёндз Віталій Дабраловіч ад імя ўсіх супрацоўнікаў павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскага служэння. Святар таксама выказаў удзячнасць усім супрацоўнікам, дыяцэзіяльным і парафіяльным Caritas, партнёрам, ахвярадаўцам і валанцёрам за плённую працу на працягу года.

Падчас дзялення аплаткамі гучала яшчэ шмат цёплых і шчырых пажаданняў, якія кіравалі адно аднаму ўдзельнікі сустрэчы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа