10 снежня, калі неафіцыйна адзначаецца сусветны Дзень футбола, у Іўі адбыўся турнір па міні-футболе з удзелам святароў, міліцыянераў, падлеткаў і ветэранаў спорту.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, футбольнае свята праходзіла пад назвай «Зірні на жыццё інакш». Яго арганізатарамі сталі Іўеўскі выканаўчы камітэт, парафія святых апосталаў Пятра і Паўла, Іўеўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.
У баталіях на футбольным полі перамагла каманда святароў, якія кожны год прадстаўляюць Беларусь на Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў.
На другім месцы — супрацоўнікі Іўеўскага РАУС, а на трэцім — ветэраны спорту. Пераможцы атрымалі заваяваны кубак, а ўсе ўдзельнікі — памятныя падарункі.