У апошні дзень свайго прабывання ў Санкт-Пецярбургу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў запрошаны ў студыю расійскага «Радыё Марыя», ля вытокаў якога стаяў 25 гадоў таму.
Гэта была сустрэча не толькі з працаўнікамі радыё. Госці, як толькі ўвайшлі ў будынак, дзе яно знаходзіцца, адразу былі запрошаны ў прамы эфір, і па сутнасці сустрэча адбылася са слухачамі.
Тыя, тэлефануючы ў прамы эфір, перш за ўсё цікавіліся жыццём Касцёла на Беларусі, колькасцю моладзі і дзяцей, а таксама ўсімі тымі цяжкасцямі, якія Касцёл у нашай краіне павінен пераадольваць.
Была закранута і тэма існавання, развіцця і пачатку вяшчання «Радыё Марыя Беларусь», пра што радыёслухачам распавёў яго былы дырэктар і сённяшні дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас.
Напрыканцы праграмы арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да слухачоў на беларускай мове, пажадаўшы ім плённа перажыць перыяд Адвэнту і радасна сустрэць Божае Нараджэнне.
Пасля Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі быў запрошаны на абед у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, у аднаўленні дзейнасці якой таксама актыўна ўдзельнічаў калісьці.
Пасля абеду прайшла менш афіцыйная сустрэча паміж іерархам і прадстаўнікамі кіраўніцтва семінарыі.