У нядзелю 8 снежня ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілаўшчыне (Казлоўшчына) адзначылі 30-годдзе вяртання забранай савецкімі ўладамі святыні вернікам. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, сабраныя вернікі разам з іерархам дзякавалі за дар касцёла, які ў апошнія тры дзесяцігоддзі, як і першапачаткова, з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам.
У гаміліі біскуп Юзаф падкрэсліў, што асаблівай малітвай трэба ахінуць тых людзей, якія паспрыялі вяртанню касцёла. «Няхай гэтыя адважныя вернікі будуць прыкладам клопату пра веру і парафію для маладога пакалення», — дадаў іерарх.
Святыня ў Рандзілаўшчыне, пабудаваная ў першай чвэрці ХІХ стагоддзя, перажыла нялёгкія часы, як і многія іншыя касцёлы на нашых землях. Пасля Другой сусветнай вайны яе зачынілі савецкія ўлады. Будынак стаў выкарыстоўвацца як склад, а пасля ўвогуле пуставаў.
Толькі ў 1989 годзе мясцовым вернікам удалося вярнуць сабе сваю святыню. 30 гадоў таму ў касцёле зноў быў запалены вечны агеньчык, які нагадвае пра прысутнасць тут Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Ужо тры дзесяцігоддзі мясцовыя парафіяне зноў збіраюцца ў святыні, якая з’яўляецца цэнтрам іх духоўнага жыцця.
«Для Бога няма нічога немагчымага», — падсумаваў біскуп Станеўскі на заканчэнне святой Імшы, заклікаючы вернікаў давяраць Пану ўсе складаныя справы.