Пошук

09.12.2019 11:57   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Кс. Аляксандр Улас, Вольга Жураўлёва / Catholic.by

8 снежня ў Санкт-Пецярбургу святкавалася 110-годдзе з часу асвячэння касцёла Маці Божай Люрдскай. Узначаліў святкаванне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарха запрасіў узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай Імшы і адзначыць 30-годдзе біскупскага служэння пробашч гэтай парафіі кс. Стэфан Кацінэль, якому ў 1991 г. арцыпастыр удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне.

На пачатку літургіі, звяртаючыся да парафіянаў і гасцей, арцыбіскуп заўважыў, што яго хрысціянскі пачатак цесна звязаны з гэтай святыняй, ён менавіта дзякуючы ёй змог вытрываць у веры, калі камунізм рабіў усё, каб знішчыць гэтую веру.

«Толькі дзякуючы гэтай святыні, якая не зачынялася нават у самыя цяжкія часы пераследу веры, сёння я стаю перад вамі як святар і біскуп, — сказаў арцыпастыр. — Гэтая святыня падтрымлівала маю веру, і малітва ў ёй стала той сілай, якая пазней прывяла мяне ў семінарыю».

Арцыбіскуп нагадаў, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пачаўся моцны пераслед Касцёла, і з мэтай гарантаваць прысутнасць іерархіі папа Пій XI стварыў на тэрыторыі Магілёўскай мітраполіі чатыры Апостальскія адміністратуры, у тым ліку Ленінградскую. У 1926 г. у касцёле Маці Божай Люрдскай спецыяльны прадстаўнік Папы біскуп Мішэль д'Эрбіні патаемна ўдзяліў біскупскае пасвячэнне кс. Антонію Малецкаму.

У 1938–92 гг. святыня была адзіным дзеючым касцёлам у Ленінградзе, і ў 1964–70 гг. будучы арцыбіскуп Кандрусевіч быў яго парафіянінам.

Калі ў 1991 г. былі адроджаны структуры Касцёла на Беларусі, у Расіі і Сярэдняй Азіі, іерарх быў пераведзены з Беларусі ў Расію і прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Еўрапейскай частцы Расіі. Першую Імшу ў Ленінградзе ён цэлебраваў у касцёле Маці Божай Люрдскай.

Гэтая святыня, дадаў арцыбіскуп, адыгрывала вызначальную ролю і ў працэсе адраджэння і станаўлення Касцёла ў Расіі.

«У пэўным сэнсе пры гэтым касцёле дзейнічала выязная курыя Апостальскай адміністратуры для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі, — адзначыў іерарх. — Менавіта тут прымаліся асноўныя адміністрацыйныя і пастырскія рашэнні для Паўночна-Заходняга пастырскага рэгіёну Расійскай Федэрацыі. Тут таксама адбываліся галоўныя набажэнствы, прэзбітэрскія і дыяканскія пасвячэнні, аднаўленне дзейнасці духоўнай семінарыі і да т.п.». Сёння ў гэтым касцёле разам з пастырскай дзейнасцю вядзецца шырокая культурная і дабрачынная.

Кажучы пра тое, што Ленінград і гэтая святыня адыгралі вельмі важную ролю на яго шляху да святарскага і біскупскага служэння, арцыпастыр узгадаў:

«З-за адкрытага вызнавання веры мне прыйшлося сысці з Гродзенскага педагагічнага інстытута, дзе вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце.

Паехаў паступаць у Ленінградскі політэхнічны. Першы крок мог стаць апошнім. Жанчына, якая прымала дакументы, сярод маіх папер убачыла крыжык. Гэта было ў 1964 г., у разгары хрушчоўскага пераследу. Яна не зрабіла з гэтага праблемы, толькі сказала нікому не паказваць. Неяк падчас экзамену 25 снежня на чацвёртым курсе прафесар сказаў: «Хутчэй здавай, бо ў цябе няма часу». Усё зразумела, 25 снежня — Нараджэнне Пана.

Гэта ўсё здарылася ў Ленінградзе. Для мяне было ясна, што нават у горадзе трох рэвалюцый ёсць людзі, якія паважаюць духоўны выбар чалавека. Усё гэта садзейнічала чалавечай фармацыі».

Арцыбіскуп падзякаваў Богу і Найсвяцейшай Маці за апеку і ласкі, якія атрымліваў на працягу 30 гадоў біскупскага служэння; падзякаваў братам у служэнні, кансэкраваным асобам і вернікам за плённае супрацоўніцтва і малітвы ў яго інтэнцыі. «У Расіі, і асабліва ў Санкт-Пецярбургу, я пакінуў частку свайго сэрца. Заўсёды памятаю і малюся за Касцёл, які Божы Провід мне дазволіў адраджаць», — дадаў ён.

Святыні Маці Божай Люрдскай іерарх пажадаў «заставацца і далей сімвалам каталіцтва ў горадзе на Няве і весці Божы народ да Хрыста», а вернікам — «памятаць сваіх продкаў, якія ў ёй чэрпалі духоўныя сілы і вытрывалі», быць моцнымі верай і ставіць Бога на першае месца.

На заканчэнне Імшы парафіянаў і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага павіншавалі прадстаўнік адміністрацыі губернатара Санкт-Пецярбурга загадчык Аддзела па сувязях з рэлігійнымі аб'яднаннямі Уладзімір Іваноў, кампазітар Ігар Маціеўскі, праўнучка архітэктара Бенуа, які 110 гадоў таму будаваў гэтую святыню, Анастасія Бенуа, а таксама прадстаўнік політэхнічнага ўніверсітэта, дзе вучыўся будучы іерарх.

Абноўлена 11.12.2019 14:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.