Пошук

07.12.2019 11:42   Catholic.by

6 снежня ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ) адбылася абарона дысертацыі на атрыманне ступені кандыдата архітэктуры на тэму «Развіццё архітэктуры алтароў каталіцкіх касцёлаў Беларусі ў XVII – першай палове XIX стагоддзяў», якую напісала Ірына Радзевіч. На абароне прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Члены Навуковай рады ўніверсітэта, эксперты і апаненты высока ацанілі працу даследчыцы, якая з’яўляецца практыкуючай каталічкай. Усе выступоўцы падкрэслілі наватарскі характар дысертацыі, бо яшчэ ніхто і ніколі ў Беларусі не займаўся падобнай тэмай, прычым даволі складанай. Такім чынам Ірына Радзевіч сваёй дысертацыяй адкрыла новае поле для навуковых доследаў у нашай краіне.

Разам з тым даследчыца не толькі выдатны тэарэтык і знаўца ў галіне сакральнай архітэктуры. Свае веды яна ўжо не раз прадэманстравала на практыцы.

Менавіта Ірына Радзевіч з’яўляецца стваральніцай алтара ў новазбудаваным касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску, што непадалёк ад станцыі метро «Каменная горка».

Акрамя таго, паводле зробленых ёю абмераў і чарцяжоў адбывалася рэстаўрацыя пашкоджанага пажарам у 2006 годзе галоўнага алтара гродзенскай катэдральнай базылікі святога Францішка Ксавэрыя.

На абароне са словам выступіў арцыбіскуп Кандрусевіч, які распавёў пра свае асабістыя сувязі з тэхнічным універсітэтам, які раней называўся політэхнічным інстытутам. Іерарх нагадаў, што таксама з’яўляецца выпускніком політэха, хоць не мінскага, а колішняга ленінградскага. У 1969 годзе будучаму арцыбіскупу давялося жыць у інтэрнаце Мінскага політэхнічнага інстытута, калі ён быў на практыцы і пісаў дыпломную працу на Мінскім аўтазаводзе.

Іерарх падкрэсліў, што абарона дысертацыі на тэхнічна-рэлігійную тэматыку з’яўляецца знакам часу, бо рэлігія і навука, або вера і розум — гэта два крылы, на якіх чалавецтва ўздымаецца да пазнання праўды, як казаў святы Ян Павел ІІ.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату таксама заклікаў да супрацоўніцтва навуковых устаноў з Касцёлам з мэтай вывучэння сакральнай архітэктуры і яе развіцця ў Беларусі. На заканчэнне арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў Ірыне Радзевіч, каб абаронай дысертацыі яе доследы не завяршыліся, а працягваліся.

Абноўлена 07.12.2019 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця