Пошук

29.11.2019 10:19   Catholic.by

Гэты ліст неабходна абвясціць вернікам Пінскай дыяцэзіі ў Першую нядзелю Адвэнту 1 снежня 2019 г. на кожнай св. Імшы, а таксама размясціць яго на дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Адвэнту.

Версія для друку ТУТ>>>

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка
Пастырскі ліст на Адвэнт 2019 г.

«Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму!» (Лк 3, 4)

Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце, умілаваныя вернікі Пінскай дыяцэзіі!

«Блізка Пан!» — «Падрыхтуйце Яму дарогу» (пар. Флп 4, 5; Лк 3, 4).

З гэтым заклікам хачу звярнуцца да вас на пачатку Адвэнту — літургічнага перыяду, які нагадвае нам аб прыйсці Езуса Хрыста. Уся літургія надыходзячых дзён сканцэнтраваная на Тым, хто прыходзіць; на нашых адносінах з Ім, на нашай гатоўнасці сустрэцца з Ім. Усё нашае хрысціянскае жыццё — гэта падрыхтоўка да спаткання са Спрадвечным Божым Сынам, якога мы з радасцю і надзеяй чакаем. Таму разам з усім Касцёлам паўтараем малітоўны заклік з кнігі Апакаліпсісу: «Марана та! Прыйдзі, Пане Езу!» (пар. Ап 22, 20; 1 Кар 16, 22).

Два вымярэнні Адвэнту

Перажыванне Адвэнту мае два важныя вымярэнні. Першае засяроджвае нашу ўвагу на ўспаміне тых падзей, што ўжо адбыліся. Гэта здзяйсненне Божага абяцання дзве тысячы гадоў таму падчас першага прыйсця Збавіцеля ў свет. Гэта выкананне абяцанняў, дадзеных Богам на пачатку гісторыі Збаўлення, пра што мы чытаем у першых раздзелах кнігі Быцця. Яно стала адказам — протаевангеллем — на драматычныя наступствы першароднага граху і распаўсюджванне зла ў свеце. Пан прыйшоў як Збавіцель і Даўца новага жыцця.

Адначасова ўвага нашай веры скіравана на будучыню. Гэта яшчэ адно важнае вымярэнне Адвэнту, якое абуджае ў нас свядомасць таго, што Пан «прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых, і Яго Валадарству не будзе канца» (Сімвал веры). Надзея і падрыхтоўка да паўторнага прыйсця Езуса, што вынікаюць з глыбокага досведу веры ў праўду пра Уцелаўленне і Божае Нараджэнне, напаўняе новым сэнсам нашае жыццё тут, на зямлі. «Бо ў Ім мы жывем, рухаемся і існуем» (Дз 17, 28). Таму можам паўтараць за святым апосталам Паўлам: «І ўжо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20).

Таму ў перажыванні Адвэнту важна аднавіць усведамленне гэтых двух вымярэнняў веры і надзеі ў нашым хрысціянскім жыцці. Успамін першага і гатоўнасць да другога прыйсця Пана напаўняе глыбокім зместам адвэнтавую малітву, распальвае ў нас жаданне актыўнага ўдзелу ў Раратах і ва ўсіх іншых набажэнствах гэтага перыяду, каб з новай моцай распаліць у сабе дух чування.

Новы год пад знакам святога Яна Паўла ІІ і Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага

Адвэнт распачынае новы літургічны год. Ён нагадвае нам пра Пана, які з кожным новым днём дае нам надзею на пабудову лепшай будучыні. Перад намі ўзнікае перспектыва новага часу, у які мы ўвойдзем, святкуючы таямніцу Божага Нараджэння, а на календары адкрыем старонку з 2020 годам.

На гэты новы літургічны і каляндарны год прыпадаюць юбілеі дзвюх вялікіх асобаў у гісторыі Касцёла: сотая гадавіна нараджэння Вялікага Папы святога Яна Паўла ІІ і 150-я гадавіна нараджэння першага біскупа Пінскага Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае нас прысвяціць надыходзячы пастырскі год святому Яну Паўлу ІІ (гл. 75-е пленарнае пасяджэнне ККББ). У Пінскай дыяцэзіі мы жадаем перажыць 2020 год пад знакам не толькі Вялікага Папы, але і першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага ў сувязі з юбілеем яго нараджэння.

У перспектыве адвэнтавага чування пастараемся яшчэ раз прыслухацца да сведчання жыцця і вучэння вялікіх пастыраў Касцёла. Ключом да зразумення сувязі паміж юбілейнымі знакавымі асобамі можа быць выказванне Яна Паўла ІІ пра біскупа Лазінскага: «Я сам ад маладых гадоў знаходжуся пад уражаннем гэтай гістарычнай асобы». Гэтае выказванне святога Яна Паўла ІІ, запісанае рэлятарам беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага, паказвае, як глыбока і асабіста захапляўся Папа асобаю першага біскупа Пінскага.

Узгадаем некалькі фактаў з жыцця. Караль Вайтыла, будучы папа Ян Павел ІІ, нарадзіўся непадалёк ад Кракава ў той час, калі Зыгмунту Лазінскаму было ўжо 50 гадоў і ён быў біскупам. А калі біскуп Зыгмунт паміраў, Каралю Вайтылу было 12 гадоў. Можам сказаць, што звесткі пра знакамітага пастыра з Палесся ў пэўнай ступені фармавалі будучага Папу. Гэта пацвярджаюць таксама сведчанні старэйшых асобаў з Кракаўскай архідыяцэзіі, якія кажуць, што, нягледзячы на адлегласць, біскуп Лазінскі быў там не толькі вядомы, але ўспрымаўся як вялікі духоўны аўтарытэт.

Мы захапляемся сведчаннем жыцця і веры гэтых двух вялікіх пастыраў Касцёла. Адвэнт, які мы цяпер распачынаем, і надыходзячы 2020 год жадаем перажываць, нанава адкрываючы неацэнны скарб прыкладу і вучэння, пакінуты нам святым Янам Паўлам ІІ і Слугой Божым Зыгмунтам Лазінскім. Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі звярнуцца да багатай спадчыны гэтых вялікіх духоўных правадыроў. Няхай малітвы і разважанні над сведчаннем іх жыцця і вучэння стануць для нас натхненнем і дапамогаю ў добрым перажыванні Адвэнту, каб мы ў чуванні і малітве былі падрыхтаваныя да спаткання з прыходзячым Панам. Няхай жа ў гэтай пілігрымцы веры дапамогуць нам нязгасныя светачы, сведкі жывой лучнасці і наследвання Езуса Хрыста — святы Ян Павел ІІ і Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі.

На час адвэнтавага аднаўлення веры і жыцця ад усяго сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі

Пінск, 27 лістапада 2019 г.

Абноўлена 29.11.2019 12:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа