Гэтае Пасланне належыць прачытаць вернікам у Першую нядзелю Адвэнту, 1 снежня 2019 года.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ПРЫЙДЗІ, ПАНЕ ЕЗУ, І ПЕРАМЯНІ НАШЫЯ СЭРЦЫ
Пастырскае пасланне на Адвэнт 2019
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. З Божай ласкі Адвэнтам мы распачынаем чарговы літургічны год. Слова «Адвэнт» мае лацінскае паходжанне і азначае «прыйсце». Для нас, веруючых католікаў, Адвэнт — гэта час чакання прыйсця Збаўцы. У першую нядзелю гэтага перыяду Касцёл распачынае чатырохтыднёвую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння. Колер літургічных адзенняў у Адвэнце фіялетавы, які нагадвае пра асаблівае вымярэнне гэтага часу, а менавіта навяртанне, што вельмі добра падкрэслівае літургія слова Першай нядзелі Адвэнту. Сённяшнія імшальныя чытанні акцэнтуюць неабходнасць абудзіцца, чуваць і быць гатовым да прыйсця Збаўцы (гл. Рым 13, 11–14; Мц, 37–44).
2. Звычайна гаворыцца пра два прыйсці Езуса. Першае адбылося пры Яго нараджэнні ў Бэтлееме з мэтай выканаць абяцанне Бога выбавіць людзей з грахоўнага рабства. Другое наступіць напрыканцы часоў, калі Хрыстус прыйдзе ў славе судзіць жывых і памерлых і ўсё ўчыніць новым (гл. Мц 25, 31–46; Ап 21, 1). Але гэтае другое ўжо распачынаецца ў хвіліну нашай смерці, калі мы сустракаем Езуса як суддзю.
Аднак існуе таксама і збаўчае прыйсце Езуса ў служэнні Касцёла, калі мы слухаем Божае слова і прымаем удзел у сакрамэнтах. У Евангеллі Езус прамаўляе да нас, а ў сакрамэнтах мы сустракаемся з Ім і атрымліваем Яго збаўчую ласку. Да ўсіх гэтых прыйсцяў нас рыхтуе Адвэнт.
3. У сённяшнім першым чытанні прарок Ісая прадстаўляе бачанне міру без войнаў у гармоніі з Богам (гл. Іс 2, 1–5). Менавіта гэтага мы ўсе з нецярпеннем чакаем. Мір патрэбны для нашага духоўнага і жыццёвага ўдасканалення.
На будынку офіса Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Лондане змешчаны словы прарока Ісаі з сённяшняга першага чытання: «перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць» (Іс 2, 4).
На вялікі жаль, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ўсталяванне міру і справядлівасці ў свеце, нягледзячы на шматлікія ініцыятывы, не можа яго дасягнуць. Замест таго, каб жыць у гармоніі, мы бачым праявы несправядлівасці, падзелы, войны і тэрарыстычныя акты.
Прычына гэтага вельмі простая: сучасны сусветны парадак, які базуецца на бездухоўным гуманізме, не працуе. Толькі Валадарства Хрыста ў сэрцах людзей можа прынесці мір і справядлівасць у наш свет. Чалавечых высілкаў не дастакова. Іх неабходна падмацоўваць духоўнымі. Мір і справядлівасць у свеце немагчымы без міру ў нашых сэрцах. Менавіта таму галоўнай матай Адвэнту з’яўляецца паяднанне з Богам, Касцёлам і бліжнімі.
4. У снежні мы перажываем найбольш кароткія дні года. Для некаторых людзей гэта становіцца прычынай вялікіх праблем са здароўем, і яны хварэюць ад недахопу сонечнага святла.
Аднак ёсць яшчэ і іншы тып святла — духоўны. Менавіта таму апостал Павел у другім сённяшнім чытанні ў Пасланні да Рымлянаў заклікае абудзіцца ад сну, бо ноч прайшла і настаў дзень. Для гэтага неабходна адкінуць учынкі цемры і апрануцца ў зброю святла, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, каб паводзіць сябе прыстойна (гл. Рым 13, 11–14).
5. Час Адвэнту з’яўляецца вельмі інтэнсіўным і клапатлівым. Гэта апошні месяц каляндарнага года, калі неабходна падрыхтаваць розныя справаздачы з нашай дзейнасці за перыяд нашага жыцця, які завяршаецца. Таксама мы рыхтуемся да святаў Божага Нараджэння і Новага года, думаем пра елку і падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці, клапоцімся пра шмат іншых спраў, якія трэба вырашыць.
У той жа час Адвэнт заклікае нас затрымацца ў нашым жыццёвым марафоне, перадыхнуць, падвесці вынікі духоўнага жыцця і зрабіць з яго справаздачу. Паглядзець, ці яна пазітыўная, а можа, негатыўная і напоўненая грэшнымі ўчынкамі.
Завяршаецца Год сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі. Дзякую святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам за актыўны ўдзел у яго правядзенні. Адначасова заклікаю зрабіць рахунак сумлення, як мы яго перажылі, якія пастырскія ініцыятывы рэалізавалі, што ўдалося і чаго не змаглі ажыццявіць і чаму, каб памылак мінулага не паўтараць у наступным пастырскім годзе, які прысвячаецца св. Яну Паўлу ІІ у сотую гадавіну яго нараджэння пад дэвізам: «Адчыніце дзверы Хрысту».
Таму адвэнтавы час — гэта не зямны час, паводле якога мы жывём і які на грэцкай мове акрэсліваецца словам хронас. Хронас адносіцца да храналагічнай паслядоўнасці або да мінулага часу. Ад слова хронас паходзіць слова «хранометр» — дакладны гадзіннік, які адмярае мінулы час.
Адвэнтавы час — гэта боскі час, па-грэцку кайрос. Ён звяртае ўвагу на спрыяльны для поспеху момант. Адвэнт менавіта і з’яўляецца такім дадзеным нам Богам спрыяльным часам для нашага духоўнага адраджэння.
6. Святы Аўгустын кажа: «Калі Бог на першым месцы, то ўсё на сваім месцы». Адвэнт — гэта вельмі добры час спытацца ў саміх сябе: хто і што знаходзіцца на першым месцы ў нашым жыцці? Сучасны чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем розных выклікаў. Шмат людзей страцілі пачуццё таго, што найважнейшае, і «богам» учынілі матэрыяльныя каштоўнасці, славу, задавальненні і нават працу, бо сталі працаголікамі.
Адвэнт нагадвае пра тое, што, нягледзячы на секулярызацыю, якая ўзмацняецца з кожным днём, і адыход ад вучэння Евангелля, Збаўца Езус Хрыстус прыходзіць, стукае ў дзверы нашых сэрцаў і чакае, каб мы іх адчынілі Яму, каб Ён быў на першым месцы, аднавіў наша жыццё і ўмацаваў новай надзеяй.
Нездарма папа Бэнэдыкт XVI кажа, што Адвэнт — гэта цудоўны час, у якім успамін першага прыйсця Хрыста, а таксама чаканне Яго вяртання нанава ажывае ў нашых сэрцах. А папа Францішак вучыць, што Адвэнт аднаўляе ў нас гарызонты надзеі, якая не расчароўвае, бо ўкаранёная ў Божым слове.
Усё гэта нагадвае пра тое, што Адвэнт павінен стаць не толькі і не столькі часам знешняй падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, але і часам духоўнай адновы, якая вядзе да сапраўднага міру, справядлівасці і святасці, да якой мы ўсе пакліканы.
Божае Нараджэнне — гэта не толькі мінулая гісторыя, але і сучаснасць. Езус нараджаецца ў нашых сэрцах сваёй ласкай, але толькі тады, калі мы Яму дазваляем гэта ўчыніць. Таму сапраўднае перажыванне Адвэнту — гэта падрыхтоўка дарогі, па якой Ён прыйдзе ў нашыя душы, каб учыніць нас шчаслівымі. Калі гэтага няма, то мы можам страціць шмат часу і высілкаў, але не дасягнуць таго, што нас задавальняе.
7. Адзін святар распавёў вельмі павучальную гісторыю. Аднойчы яго запрасілі на пахаванне памерлай жанчыны. У яе доме ён убачыў крыж, невялікі алтарык, фігурку Божай Маці, выявы некаторых святых, ружанец, асвячаную ваду, фатаграфію з Ппершай Камуніі… Усё гэта нагадвала пра веру, якая суправаджала яе праз зямное жыццё ў вечнасць. Праз нейкі час блізкія прынеслі ўсе гэтыя святыя рэчы ў сакрыстыю і перадалі пробашчу, паколькі ім яны не патрэбныя. На вялікі жаль, апошнім часам падобнае здараецца ўсё часцей.
Такія сітуацыі выклікаюць шмат пытанняў. Найперш, што здарылася з сучасным светам, які адкідвае тое, што іншых вядзе да духоўнай дасканаласці і святасці? Чаму сучасны свет сярод шматлікіх, добрых і патрэбных дасягненняў нашага часу не бачыць духоўных? Чаму засяроджваецца на часовых, а не вечных?
8. Дзякуючы веры мы становімся нашчадкамі неба. Менавіта вера павінна быць дарам Божага Нараджэння, бо яна не філасофская ідэя, але спатканне з асобай Езуса Хрыста, да святкавання Нараджэння якога мы рыхтуемся ў Адвэнце.
Падчас грамадзянскай вайны ў Амерыцы адна жанчына пахвалілася прэзідэнту Лінкальну, які быў вельмі веруючым чалавекам, што Бог знаходзіцца на яе баку. Гэта азначае, што Бог згаджаецца з ёй. Пры гэтым яна спытала прэзідэнта, ці ён таксама адчувае тое ж самае. Лінкальн адказаў, што заклапочаны тым, як самому быць на баку Бога, гэта азначае згаджацца з Ім. Час Адвэнту — гэта добрая нагода спытаць сябе, на чыім мы баку — Бога ці д’ябла. Гэта вельмі актуальная праблема, бо не заўсёды мы, як веруючыя, сведчым аб нашай прыналежнасці да Хрыста.
Старая нямецкая легенда Advent teufel («Адвэнтавы д’ябал») распавядае пра тое, як у Адвэнт злы дух спакушае людзей да разнастайнай занятасці, каб яны страцілі сапраўднае значэнне Божага Нараджэння. Ён не хоча, каб людзі мелі час на дасведчанне нараджэння Езуса ў іх сэрцах. Спакусы злога духа вельмі мудрыя. Падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння і само яго святкаванне ён замяняе сезонным святкаваннем. Як шмат людзей наведвае ў гэты час кірмашы, базары, гандлёвыя цэнтры і ў перадсвяточнай мітусні забываецца пра штодзённую малітву, чытанне Святога Пісання, удзел у святой Імшы, адвэнтавых рэкалекцыях, пакутных набажэнствах і іншых рэлігійных практыках.
9. Як людзі веруючыя мы павінны ўсведамляць, што сапраўдны сэнс Божага Нараджэння — гэта нараджэнне Езуса сваёй ласкай у нашых душах.
Літургічны перыяд Адвэнту вельмі кароткі і праходзіць хутка, і яго неабходна годна выкарыстаць. Усё нашае жыццё — гэта таксама Адвэнт, падчас якога мы рыхтуемся да паўнаты жыцця ў Богу. Гэты свет не здольны нам даць такога жыцця і нас цалкам задаволіць. Таму падчас Адвэнту мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб Хрыстус пасяліўся ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам нашага часу.
Для гэтага нам неабходна абудзіцца ад духоўнага сну (гл. Рым 13, 11) і чуваць, каб быць гатовымі да прыйсця Пана, бо не ведаем, калі Ён прыйдзе (гл. Мц 24, 50). Духоўнае абуджэнне і спасціжэнне сэнсу адвэнтавага чування вядуць да перамены нашага жыцця праз дасягнення міру ў нашых сэрцах.
Давяраючы ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, Марыі — Маці адвэнтавага чування — разам з вамі ўсклікаю словамі першых хрысціян: Мараната! — «Прыйдзі, Пане Езу!» Прыйдзі і перамяні нашыя сэрцы, каб у іх панаваў Кароль міру — Езус Хрыстус.
На шлях плённага перажывання Адвэнту ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
+ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 24 лістапада 2019 г.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету