Пошук


24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, вернікі парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне разам з Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі біскупам Юзафам Станеўскім павіншавалі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскага служэння.

З гэтай нагоды іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гродзенскім францішканскім касцёле, дзе калісьці сам быў пробашчам.

Як заўважыў арцыбіскуп у гаміліі, уся гісторыя Касцёла «сведчыць, што хрысціянін ведае, хто яго Валадар і да якой мэты ён павінен імкнуцца ў жыцці».

Іерарх узгадаў гісторыю францішканскага касцёла ў Гродне.

«Гэта быў мой парафіяльны касцёл. Памятаю часы пераследу, калі ўлада сачыла, хто ходзіць у касцёл. У 60-я гады мінулага стагоддзя пачалі будаваць шпіталь, і традыцыйная дарога да святыні была закрыта. Каб трапіць сюды, трэба было абыходзіць вакол, і так засталося да сённяшняга дня. Але з іншага боку гэта дало магчымасць незаўважна прыходзіць у касцёл, што было важна ў часы пераследу.

Я хадзіў у яго і з яго выйшаў у жыццё», — сказаў арцыпастыр.

Па яго словах, «гэты францішканскі касцёл у часы пераследу быў аазісам духоўнага жыцця ў горадзе над Нёманам».

Арцыбіскуп дадаў, што часта вяртаўся ў гэтую святыню, калі быў семінарыстам, а ў 1988 г. быў прызначаны пробашчам дзвюх гродзенскіх парафій — францішканскага і фарнага касцёлаў.

На гэтай пасадзе яго спаткала біскупскае прызначэнне. У гэты ж касцёл ён увайшоў у кастрычніку 1989 г., каб цэлебраваць першую Імшу ў якасці біскупа ў Беларусі.

Кажучы пра ўрачыстасць Хрыста Валадара, іерарх адзначыў: «Калі мы ідзем за Езусам, то Ён павінен быць Валадаром усяго нашага жыцця і кіраваць ім у кожным яго вымярэнні. <...> Нават наша найменшая рэакцыя падабаецца Яму, але канчаткова Ён хоча ўсяго, каб напоўніць нашы неспакойныя сэрцы».

«Таму мы павінны зрабіць наш выбар, сказаць, за каго мы — за Хрыста ці шатана? Трэцяга нам не дадзена.

Разам з тымі, хто бараніў веру ў цяжкія часы атэізму і яе не выракся, скажам: „Хрыстус наш Валадар“», — заахвоціў арцыпастыр.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі дадаў, што «Касцёл з’яўляецца нашым караблём, ён прытулак для тых, хто згубіўся ў моры жыцця, а Касцёл там, дзе ёсць біскуп, як вучыць святы Ігнацый з Антыёхіі».

Іерарх падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго і маліўся гэтыя 30 гадоў ягонага служэння, «каб Касцёл мог адраджацца і ўзрастаць».

«Будзем жа і далей з’яднаныя ў Касцёле, які з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення. Ён, як самы дасканалы карабель, пад кіраўніцтвам найлепшага капітана, якім з’яўляецца Валадар Сусвету Езус Хрыстус, будзе бяспечна везці нас праз узбуранае мора ХХІ стагоддзя да порту вечнага шчасця», — сказаў арцыбіскуп.

Абноўлена 26.11.2019 08:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.