18–19 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі, якія маюць ад аднаго да васьмі гадоў святарства.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, ксёндз Ян Сарэла, адказны за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, выступіў на сустрэчы з першай канферэнцыяй на тэму «Святарская чыстасць — крыніца пастырскай любові».
Ён падкрэсліў, што толькі святы святар можа стаць у сённяшнім свеце, які робіцца ўсё больш секулярызаваным, яскравым сведкам Хрыста і Яго Евангелля. Толькі такім чынам, па словах адказнага за пастаянную фармацыю, святар можа станавіцца для людзей правадыром і настаўнікам на шляху да святасці, а людзі, асабліва маладыя, чакаюць менавіта такога правадыра.
У межах сустрэчы маладыя святары таксама праслухалі лекцыі на актуальныя тэмы: «Пагрозы для сям’і ў сучасным свеце і каталіцкі адказ на гэтыя пагрозы», «Вернасць у цэлібаце і сужэнская вернасць», «Тоеснасць мужчыны і жанчыны ў Касцёле ў часы „гендарнай рэвалюцыі“». Лекцыі прачытаў доктар біблійнай тэалогіі Уладзіслаў Валаховіч, дырэктар дабрачыннага фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».
Прысутныя святары не толькі ўважліва слухалі свецкага спецыяліста, але і актыўна ўключыліся ў дыскусію і на канкрэтных прыкладах супольна шукалі адказы на няпростыя пытанні.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У прамоўленым Божым слове пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў важнасць пастаяннай фармацыі свайго сумлення.
Іерарх дадаў, што сучасны свет і людзі, да якіх святар пасланы, хочуць у ім бачыць перш за ўсё спецыяліста па сустрэчы з Богам.
Біскуп адзначыў, што духоўная асоба павінна заўсёды быць у распараджэнні людзей і даваць ім прыклад жыцця, згоднага з Божым законам.