Пошук

18.11.2019 10:08   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by

16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне аднаму дыякану і дыяканскае пасвячэнне пяці семінарыстам. Урачыстасць адбылася ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, у дзень сваёй нябеснай Заступніцы Касцёл на Гродзеншчыне атрымаў новага прэзбітэра, якім стаў дыякан Віталій Валюк з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), а таксама пяцёх дыяканаў, якімі сталі Яўген Амасёнак з парафіі Cвятога Андрэя ў Слоніме, Андрэй Струкель з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, Павел Шэмет з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы (дэканат Гродна-Захад), Томаш Мікалайчык з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе i Дзмітрый Малец з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.

Урачыстая святая Імша ў галоўнай святыні дыяцэзіі сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных мясцін, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, з якіх яны паходзяць.

У прамоўленым Божым слове біскуп Гродзенскі засяродзіўся на ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, якая з моманту стварэння дыяцэзіі з’яўляецца яе Апякункай.

Іерарх падкрэсліў, што «Марыя ведае сховішчы нашых душаў, наш боль і радасці, бо з’яўляецца Жанчынай сузірання, умее слухаць».

Кажучы пра Марыю ў вастрабрамскім абразе, біскуп адзначыў, што Яна не паказвае нам Сына Божага ў чалавечай прыродзе, не трымае Яго на руках, запрашаючы да адарацыі, а адаруе Яго сама, сузірае Хрыста ў таямніцы ўцелаўлення.

«Усёй сваёй істотай Марыя злучана з Езусам і занурана ў глыбокую адарацыю. Яна ведае, што Той, каго чалавечыя вочы яшчэ не бачаць, ужо прысутны ў свеце. Боская справа збаўлення чалавецтва ўжо распачалася», — дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне нагадаў кандыдатам абавязкі, якія вынікаюць з прыняцця пасвячэння ў ступені дыяканату і прэзбітэрату.

Па яго словах, каб паспяхова рэалізаваць гэтую вялікую задачу, якую даручае ім Касцёл, трэба вучыцца ў Марыі быць людзьмі малітвы і сузірання.

«Марыя, якая адаруе Езуса Хрыста, вучыць нас, што позіркам веры можна ўбачыць і агарнуць тое, што схавана ад цялесных вачэй. Вачыма веры мы бачым у Эўхарыстыі Цела і Кроў Хрыста пад постацямі хлеба і віна», – сказаў біскуп.

Ён падкрэсліў, што патрабаванні, якія Хрыстус ставіць перад сваімі святарамі, вялікія і важныя. «Можа здавацца, што яны наогул пераўзыходзяць абмежаваныя духоўныя магчымасці чалавека. Але, паслухмяныя аб’яўленаму Божаму слову, мы верым, што для Бога няма нічога немагчымага, што Яго ласка прыходзіць на дапамогу нашай чалавечай слабасці», — дадаў іерарх.

Біскуп заахвоціў сваіх новых супрацоўнікаў быць людзьмі малітвы, кожны дзень на ўзор Марыі жыць верай і адарацыяй Езуса Хрыста.

«Адаруйце Езуса ўсім сэрцам, услухоўвайцеся ў Яго голас, адкрывайце для сябе кожны дзень Яго бясконцую міласэрнасць — і будзеце Яго вернымі слугамі, распарадчыкамі Божых сакрамэнтаў, правадырамі вернага люду на шляху да збаўлення», — заахвоціў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў словы ўдзячнасці бацькам і родным новапрэзбітэра і новапасвячаных дыяканаў за верy, якую яны вынеслі з родных дамоў.

Ксёндз Віталій Валюк ад імя тых, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння, выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто падтрымліваў іх на шляху, які вядзе да Хрыстовага алтара, і папрасіў аб далейшай малітоўнай падтрымцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.