Пошук

15.11.2019 15:38   Тэкст: Анастасія Грышан, Мікола Гракаў / Фота: Аляксей Заічанка / Catholic.by

14 лістапада ў пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі, падчас якой яе ўдзельнікі павіншавалі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем біскупскага служэння.

Арцыпастыр быў запрошаны біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам адзначыць юбілей таксама ў блізкай яму пінскай катэдры.

У 1989 годзе Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны першым пасля Другой сусветнай вайны біскупам Мінскім і Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, а гэта азначае, што яму была даручана пастырская апека над вернікам Брэсцкай і Гомельскай вобласцяў, якія ахоплівае Пінская дыяцэзія. Таксама з чэрвеня 2011 па чэрвень 2012 года ён з’яўляўся Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, пераняўшы гэтыя абавязкі ад ужо цяжка хворага ў той час кардынала Казіміра Свёнтка — нязломнага Пастыра і сапраўднага Сведкі веры.

Такім чынам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч двойчы на працягу свайго біскупскага служэння быў пастырам вернікаў Пінскай дыяцэзіі.

У гаміліі падчас святой Імшы арцыбіскуп нагадаў, што хрысціянства — гэта сустрэча з асобай Езуса Хрыста, і «яно прыносіць плён толькі тады, калі мы аб’яднаныя з Езусам».

Іерарх адзначыў, што «мэта нашага жыцця — дасягнуць Божага Валадарства ў вечнасці, дзе не будзе ні веры, ні надзеі, а застанецца любоў», а «шляхам да дасягнення гэтага Валадарства з’яўляецца будаванне яго на зямлі». Дасягнуць жа гэтай мэты «магчыма толькі праз еднасць з Хрыстом», якая падтрымліваецца «праз удзел у сакрамэнтах, малітву, дабрачыннасць».

Прыгадваючы мінулае, арцыбіскуп сказаў: «Атэісты спадзяваліся, што Касцёл памрэ сваёй смерцю. Аднак Божыя планы былі іншымі. Людзі нястомна маліліся і верылі, што прыйдзе час свабоды веравызнання. Верылі ў перамогу Хрыста».

Кажучы пра 1989 год, калі адбылося яго прызначэнне біскупам, іерарх заўважыў:

«Гэта год падзення Бярлінскай сцяны і адначасова год падзення атэістычнай сцяны ў Савецкім Саюзе, дзякуючы чаму мы атрымалі свабоду веравызнання».

«Пасля інгрэсу ў Гродне, які меў месца 28 кастрычніка 1989 г., ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк прапанаваў мне наведаць Пінск, што і адбылося ў лістападзе таго ж года. Як радаваўся гэты жывы мучанік за веру, што нарэшце ў катэдру, якой ён апекаваўся, увайшоў свой біскуп. Распавядаў пра пастырскую дзейнасць на Палессі, пра вернасць людзей Богу, пра першага Пінскага біскупа слугу Божага Зыгмунта Лазінскага», — узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Другі раз сённяшняму Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму давялося стаць на чале Пінскую дыяцэзіі падчас хваробы кардынала Свёнтка і яго адыходу ў вечнасць.

«Пінскі Касцёл, які адрадзіўся за апошнія 30 гадоў, прадстаўляе сабой духоўныя лёгкія Палесся. Ён насычае Божай ласкай — гэтым духоўным кіслародам — душы людзей», — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да святароў і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі, арцыбіскуп адзначыў:

«З абсалютнай большасцю з вас мне давялося разам служыць Касцёлу. Ведаю ваш патэнцыял. Ён немалы, і яго неабходна належным чынам выкарыстаць».

Арцыпастыр заклікаў іх быць аб’яднанымі са сваім біскупам і паміж сабой, пазнаваць жыццё і праблемы вернікаў, ведаць іх «пах», як кажа папа Францішак, дастасоўваць пастырскую дзейнасць да выклікаў часу і канкрэтных патрэбаў людзей, не валадарыць, а служыць.

«Штодзённая малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, рэгулярная споведзь павінны ўмацоўваць дух святара. У святарскім жыцці галоўным павінна быць тое, як галоўнае захаваць галоўным», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што гэта значыць «быць спецыялістам па сустрэчы чалавека з Богам».

На заканчэнне Эўхарыстыі прадстаўнікі Пінскага духавенства шчыра павіншавалі арцыпастыра з гадавінай біскупскага служэння. Да іх далучыліся таксама шматлікія вернікі, якія сабраліся ў гэты дзень у галоўным касцёле дыяцэзіі з Пінска і ваколіц.

Падзякаваўшы ўсім прысутным, арцыбіскуп папрасіў аб малітвах, каб ён заставаўся верным сваёй місіі, навучаў у спрыяльны і неспрыяльны час, бараніў хрысціянскую веру і разам з імі далей будаваў Касцёл на Беларусі.

 

Абноўлена 15.11.2019 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа