12 лістапада, ва ўрачыстасць святога Язафата — галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі, у горадзе, дзе гэты біскуп і мучанік у 1623 годзе аддаў жыццё за адзінства Касцёла, адзначылі 20-годдзе ўтварэння самай маладой дыяцэзіі ў Беларусі.
Як паведаміў партал Сatholicnews.by, з гэтай нагоды на ўрачыстую святую Імшу ў віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага на чале са сваім пастырам біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, сабраліся святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з усёй Віцебшчыны, а таксама госці з іншых куткоў нашай краіны, сярод якіх былі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
Напачатку пастыр Касцёла на Віцебшчыне скіраваў падзяку Богу за святога апекуна, адзначыўшы пры гэтым:
«Сёння <…> мы дзякуем за 20 гадоў існавання Віцебскай дыяцэзіі. Час па мерках касмічных невялікі. 20 гадоў для чалавека — узрост найбольшай магчымасці зрабіць штосьці добрае, гэта маладосць і росквіт.
Дзякуем Богу за гэты час, калі Віцебская дыяцэзія ўзрасла і аднавілася пасля страшнага часу камуністычнай атэістычнай ідэалогіі».
Біскуп Алег ахвяраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсёй дыяцэзіі, за ўсіх тых, хто стварае адну вялікую сям’ю Касцёла на Віцебшчыне.
Тэме адзінства Касцёла была прысвечана прамоўленая гамілія.
У Божым слове была падкрэслена асаблівая роля святога апостала Пятра і яго наступнікаў, якія па волі самога Хрыста з’яўляюцца бачным знакам і гарантам еднасці адзінага святога каталіцкага і апостальскага Касцёла.
20-годдзю Віцебскай дыяцэзіі на працягу года было прысвечана шмат святочных мерапрыемстваў, у тым ліку і сёлетні фэст Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі Азёраў. Урачыстасцю ў Віцебску быў як быццам падведзены вынік святкаванням.
На заканчэнне Імшы біскуп Алег Буткевіч зачытаў дэкрэты аб наданні ксяндзу Яцку Хутману, пробашчу парафіі ў Камаях, і ксяндзу Віктару Місевічу, канцлеру курыі Віцебскай дыяцэзіі і галоўнаму рэдактару «Каталіцкага Весніка», годнасці канонікаў Віцебскага катэдральнага капітулу.
Пастыр Касцёла на Віцебшчыне таксама ўручыў ганаровыя граматы вернікам, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё дыяцэзіі.