Пошук

14.10.2019 15:16   Паводле: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Партал Сatholic.by на чале з дырэктарам кс. д-рам Аляксандрам Уласам выказвае сардэчнае віншаванне ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, а таксама яе пастыру біскупу Алегу Буткевічу з нагоды святкавання юбілею 20-годдзя з  часу яе заснавання.

Віцебская рыма-каталіцкая дыяцэзія была заснавана 13 кастрычніка 1999 года папам Янам Паўлам II (Апостальская канстытуцыя Ad Аptius Сonselendum). У той жа дзень першым біскупам Віцебскай дыяцэзіі Ян Павел II прызначыў ксяндза Уладзіслава Бліна, пробашча архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве і Магілёўскага дэкана. Генеральным вікарыем дыяцэзіі быў прызначаны ксёндз прэлат Францішак Кісель, пробашч касцёла святога Андрэя Баболі ў Полацку.

У сувязі з гэтай падзеяй віцебскі парафіяльны касцёл святой Барбары быў узведзены ў ранг катэдральнага, у якім 20 лістапада адбылося пасвячэнне першага віцебскага ардынарыя Уладзіслава Бліна. Дэвізам свайго біскупскага служэння ён абраў словы Soli Deo («Адзінаму Богу»).

У Віцебскую дыяцэзію ўвайшла частка тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (суфраганія ў Мінска-Магілёўскай мітраполіі), а цалкам тэрыторыя новай дыяцэзіі ахоплівае абшар Віцебскай вобласці і складае 40,1 тысяч км².

На момант стварэння дыяцэзіі насельніцтва вобласці складала 1,4 млн чалавек, з якіх каля 140 тысяч былі католікамі. Нябеснымі апекунамі дыяцэзіі былі абраны Езус Міласэрны, Найсвяцейшая Панна Марыя — Маці Касцёла, святая Барбара і святы Язафат Кунцэвіч, біскуп і мучанік.

На пачатку свайго існавання дыяцэзія складалася з пяці дэканатаў і ўключала ў сябе 53 парафіі, там неслі служэнне 33 святары і 33 законныя сястры; у гэты ж час у дыяцэзіяльных і законных семінарыях навучаўся 31 чалавек.

13 мая 2000 г. у віцебскім катэдральным касцёле св. Барбары адбылося першае з моманту стварэння дыяцэзіі прэзбітэрскае пасвячэнне, якія атрымалі пяцёра дыяканаў — Марат Казлоўскі, Вячаслаў Барок, Ян Пугачоў, Валянцін Станкевіч і Алег Буткевіч, будучы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. На святой Імшы з гэтай нагоды прысутнічаў і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі.

Са стварэннем новай дыяцэзіі трэба было вырашыць шмат задач як арганізацыйнага, так і душпастырскага характару.

Большая іх частка была вырашана да першага юбілею дыяцэзіі, які святкаваўся ў 2004 годзе, — заснаванне дыяцэзіяльных структур, стварэнне дыяцэзіяльнай курыі, дыяцэзіяльнага суда, будаўніцтва новых святынь і г.д.

У 2001 годзе біскуп Уладзіслаў Блін здзейсніў першую кананічную візітацыю парафій у новастворанай дыяцэзіі. Наступныя візітацыі праходзілі ў 2006–2007 гг. і 2010–2012 гг.

У 2004 годзе ў дыяцэзіі налічвалася 83 парафіі ў дзевяці дэканатах. Пастырскае служэнне спаўнялі 93 святары і 75 законных сясцёр; у дыяцэзіяльных і законных семінарыях вучыліся 42 чалавекі. На тэрыторыі дыяцэзіі дзейнічаюць тры санктуарыі — у Браславе, Шуміліне і Росіцы. У 1999 г. біскуп Уладзіслаў Блін менаваў браслаўскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у якім знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай, марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Асаблівым цэнтрам марыйнай пабожнасці і культуры стаў францішканскі цэнтр у Удзеле, які часам называюць «беларускім Непакалянавам».

18 чэрвеня 2011 г. па просьбе віцебскага ардынарыя і рашэннем папы Бэнэдыкта XVI касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску атрымаў тытул катэдральнага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Да гэтага дня была прымеркавана працэсія Божага Цела. Перад Імшой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў ліст Кангрэгацыі па справах Біскупаў пра абвяшчэнне святыні дыяцэзіяльнай катэдрай. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Бэнэдыкта XVI кардынал Рабэр Сара, старшыня Папскай рады Cor Unum.

У 2013 годзе ў кіраўніцтве дыяцэзіі адбыліся змены.

25 лютага 2013 г. Бэнэдыкт XVI прыняў адстаўку біскупа Уладзіслава Бліна як ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі (біскупы маюць права пайсці ў адстаўку згодна з кан. 401 § 2 Кодэкса кананічнага права).

Пэўны час кіраванне дыяцэзіяй выконваў яе Генеральны вікарый ксёндз прэлат Францішак Кісель. 29 лістапада папа Францішак прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. 18 студзеня 2014 г. у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылося біскупскае пасвячэнне новага ардынарыя, які абраў дэвізам свайго біскупскага служэння словы з Панскай малітвы Fiat voluntas Tua («Будзь воля Твая»).

З першых дзён свайго біскупскага служэння віцебскі ардынарый распачаў актыўнае знаёмства з парафіямі ў дыяцэзіі, яе пастырамі і вернікамі. З 2016 г. у дыяцэзіі праходзяць кананічныя візітацыі ў парафіях, якія біскуп Віцебскі распачаў з яе ўсходняй часткі, дзе парафіяльныя структуры былі адроджаны ці створаны параўнальна нядаўна.

На сёння ў дыяцэзіі налічваецца 94 парафіі ў 11 дэканатах, у якіх служэнне нясуць 53 дыяцэзільных і 36 законных святароў, а таксама 45 законных сясцёр і 3 законныя браты; у дыяцэзіяльных семінарыях вучацца 3 чалавекі.

Колькасць вернікаў дыяцэзіі складае прыкладна 170 тысяч чалавек.

Абноўлена 15.10.2019 09:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця