17 жніўня святою Імшою на палявым алтары-караблі — сімвале вандруючага па хвалях гэтага свету Касцёла, які вядзе ў надзейны порт Хрыста Яго Найсвяцейшая Маці, Зорка мора, — завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў.
Перад распачаццем урачыстай цэлебрацыі, якая стала кульмінацыяй святкавання 10-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай і 20-годдзя ўтварэння Віцебскай дыяцэзіі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра прывітаў шаноўных гасцей і пілігрымаў, а таксама зачытаў віншаванне, скіраванае ўсім вернікам самай маладой беларускай дыяцэзіі і іх пастыру прадстаўніком папы Францішка ў Беларусі Апостальскім нунцыем Габарам Пінтэрам.
Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
«У чарговы раз сталіца азёрнага краю — старажытны Браслаў — напаўняецца вернікамі, сярод якіх шмат пілігрымаў. За плячыма засталіся многія кіламетры вандравання да стоп Маці Божай, Валадаркі азёраў, якая з радасцю вітае ўсіх нас», — сказаў на пачатку цэлебрацыі іерарх.
У прамоўленым да ўдзельнікаў урачыстасцяў Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на тэме сям’і, і невыпадкова. Сёлета пастырскі год у Касцёле на Беларусі прысвечаны сям’і як крыніца радасці і надзеі моладзі, а ўрачыстасці ў Браславе праходзілі пад дэвізам: «Марыя — Маці і Валадарка шчаслівага сужэнства».
Але перадусім Старшыня ККББ ад усяго сэрца павіншаваў Віцебскага біскупа Алега Буткевіча, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў з юбілеем 20-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Прынятае 20 гадоў таму святым Янам Паўлам ІІ рашэнне, на думку арцыбіскупа, было знакам Божага Провіду. Ён падкрэсліў, што заснаванне дыяцэзіі як бачнай структуры Каталіцкага Касцёла і прызначэнне яе першым ардынарыем біскупа Уладзіслава Бліна дало новы імпульс для далейшага адраджэння і дынамічнага развіцця Каталіцкага Касцёла ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі.
«Сёння мы бачым захапляльныя вынікі. Віцебскі Касцёл за апошнія два дзесяцігоддзі заснаваў і развіў адпаведныя адміністрацыйныя і пастырскія структуры са сваімі святынямі, дабрачыннымі арганізацыямі і сродкамі інфармацыі. Значна павялічылася колькасць святароў і кансэкраваных асобаў, паглыбляецца духоўнасць свецкіх вернікаў.
Трэба з задавальненнем сказаць, што Віцебскі Касцёл цвёрда стаіць на нагах. Ён вядомы сваімі пастырскімі, культурнымі і дабрачыннымі ініцыятывамі, а таксама актыўным удзелам у жыцці Касцёла як на Беларусі, так і ў свеце», — адзначыў арцыпастыр.
У пацверджанне сваіх словаў ён дадаў, што святар Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлат Аляксандр Рагіня паспяхова працуе на дыпламатычнай службе Святога Пасаду, а кс. Аляксандр Амяльчэня ўзначальвае беларускую рэдакцыю парталу Vatican News і Ватыканскага радыё.
«Выдатным знакам і плёнам развіцця Віцебскага Касцёла з’яўляецца каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі азёраў папскімі каронамі ў 2009 годзе <…>.
Гэта быў трыумф адраджэння веры на Віцебшчыне пад апекай Божай Маці!» — сцвердзіў кіраўнік каталіцкага епіскапату нашай краіны.
«Сёння праз Марыю Касцёл у Беларусі дзякуе Богу за адраджэнне веры пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў і просіць апекі ў вырашэнні шматлікіх праблем, з якімі сутыкаецца наша краіна, у тым ліку адной з найбольш актуальных, а менавіта праблемы сям’і», — дадаў ён.
Вырашэнне гэтай праблемы арцыпастыр прапанаваў шукаць з дапамогай Марыі:
«Божая Маці хоча быць прысутнай у гэтым свеце і ў нашых сем’ях. Хто лепш за Яе ведае цяжкасці штодзённага жыцця, хатніх абавязкаў ці праблемы падрастаючых дзяцей? Яна сцеражэ кожнае зачатае жыццё, кожнага народжанага чалавека, асобы здаровай, хворай і самотнай.
Падчас нябачанага раней крызісу беларускай сям’і Марыя заклікае нас да будавання сямейнага жыцця на духоўных каштоўнасцях, на даверу Богу кожнай сям’і з яе радасцямі і смуткамі. Яна як найлепшая Маці зможа выпрасіць у Бога цуд аздараўлення сям’і, калі мы толькі даверымся Яе апецы», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.
На заканчэнне ўрачыстай цэлебрацыі, якая сабрала больш за пяць тысяч удзельнікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы і працягвалася каля трох гадзін, з прамовамі да ўдзельнікаў звярнуліся генеральны настаяцель законніцкай супольнасці сальватарыянаў кс. Мільтон Зонта SDS з Бразіліі, прадстаўнікі абласной і раённай улады, а таксама пасол Польшчы ў Беларусі пан Артур Міхальскі.
У 20-ю гадавіну заснавання Віцебскай дыяцэзіі яе пастыр біскуп Алег Буткевіч уручыў памятныя падзячныя дыпломы вернікам з розных мясцін, якія найбольш прычыніліся да развіцця мясцовага Касцёла, і ў 10-годдзе каранацыі яшчэ раз прысвяціў Валадарцы азёраў верны народ сваёй Віцебскага Касцёла.
Перад благаслаўленнем арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз пажадаў далейшых поспехаў у развіцці Віцебскай дыяцэзіі праз заступніцтва Марыі Валадаркі азёраў на доўгія і плённыя гады.