Пошук

11.11.2019 15:47   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Андрэй Юхнік / Відэа: Grodnensis.by / Catholic.by

10 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя цэлебраваў святую Імшу падзякі за 30-годдзе біскупскага служэння.

Напачатку ўдзельнікі ўрачыстасці праглядзелі кароткі відэафільм, дзякуючы якому як быццам перанесліся ў 1989 год і нанава перажылі інгрэс — цырымонію ўступлення на пасаду біскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

У святой Імшы бралі ўдзел Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, прадстаўнікі мясцовага духавенства і шматлікія вернікі. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне шчыра прывітаў свайго брата ў біскупстве і запрасіў яго ўзначаліць урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі ў касцёле, дзе ён калісьці быў пробашчам.

Перад намінацыяй на біскупа ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч нёс святарскае служэнне ў гродзенскім фарным касцёле Францішка Ксавэрыя, які ў наш час з’яўляецца катэдральным.

У прамоўленым Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку ўзгадаў, як у маладыя гады часта прыходзіў сюды, у гродзенскі фарны касцёл, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Студэнцкай, каб перад Яе святою выяваю прасіць дапамогі ў вучобе. Разам з вернікамі горада на Нёмане будучы іерарх перажываў з-за ганебнага рашэння атэістычных савецкіх уладаў пакінуць святыню без святара, што працягвалася доўгіх 28 гадоў.

«Я захапляўся людзьмі, якія мужна абаранялі гродзенскую фару, як тады называўся гэты касцёл. Калі ўлады вырашылі яго зачыніць, вернікі ляжалі крыжам на падлозе і не дазволілі гэтага зрабіць. Яны штонядзелі збіраліся на так званую „народную Імшу“, калі на алтары раскладалі арнат, ставілі Імшал, чыталі чытанні, званілі ў званочкі, спявалі рэлігійныя спевы. У першыя нядзелі месяца адбываліся таксама „эўхарыстычныя працэсіі“, падчас якіх неслі балдахін, толькі пад ім не было Найсвяцейшага Сакрамэнту, спявалі эўхарыстычныя песні…

Усё гэта адбывалася без святара, які меў дазвол цэлебраваць Імшу толькі некалькі разоў на год», — распавёў пра той цяжкі гістарычны перыяд арцыпастыр.

Ён упэўнены, што толькі дзякуючы самаахвярнасці вернікаў былы езуіцкі касцёл не падзяліў лёсу старажытнай фары Вітаўта, якая была знішчана багаборчаю ўладаю. Едучы аднойчы раніцай пад канец лістапада 1962 года ў аўтобусе, малады Тадэвуш Кандрусевіч пачуў словы кагосьці з пасажыраў: «Всё, костёла нет».

«Да сённяшняга дня я чую тыя словы, але насуперак ім кажу: Не, Касцёл існуе.

Так, Касцёл існуе і будзе існаваць, таму што брамы пякельныя яго не перамогуць, як прадказаў Хрыстус», — падкрэсліў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату, які 14 лютага 1988 года быў прызначаны пробашчам фарнай парафіі ў Гродне.

«28 кастрычніка наступнага года тут адбылося маё ўступленне на пасаду ў якасці першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа на гэтых землях», — прыгадаў іерарх.

«Сёння, калі я адзначаю 30-годдзе біскупскага пасвячэння, дзякую Богу, Найсвяцейшай Маці і святому Міхалу за апеку і дапамогу ў выкананні апостальскага служэння на Беларусі і ў Расіі», — дадаў ён.

Звярнуўшы ўвагу на новыя праблемы і выклікі, якія сёння перажывае Касцёл у Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў працягваць змаганне з сіламі цемры, якія імкнуліся знішчыць веру ў Хрыста ў часы ваяўнічага атэізму і якія не дрэмлюць і сёння.

«Будучы для вас біскупам, я жадаю і надалей разам з вамі заставацца хрысціянінам, каб у новых умовах, у час, поўны небяспечных выклікаў, будаваць Божае Валадарства», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыпастыр.

Урачыстасць завяршылася віншаваннямі, якія выказалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу гродзенскія вернікі, дзеці і прадстаўнікі літоўскай дыяспары.

Наступнік сённяшняга кіраўніка беларускага каталіцкага епіскапату на пасадзе пробашча катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя кс. канонік Ян Кучынскі падараваў іерарху ўнікальны гадзіннік з абмежаванай партыі, цыферблат якога паўтарае цыферблат гадзінніка, усталяванага на вежы гродзенскай катэдральнай базылікі.

Дарэчы, гэта самы старажытны дзеючы маятнікавы гадзіннік у Еўропе, які адлічвае час ужо на працягу пяці стагоддзяў.

На адваротным баку падараванага арцыбіскупу хранометра змешчана выява знішчанай у савецкія часы фары Вітаўта як сімвал таго, што Касцёл існуе і будзе існаваць ва ўсе часы.

 

Абноўлена 11.11.2019 17:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця