3 лістапада ў доме Генеральнай курыі Меншых Братоў Капуцынаў у Рыме адбылася сустрэча вышэйшага настаяцеля капуцынаў у Беларусі брата Алега Шэнды OFMCap з Генеральным міністрам ордэна братам Робэртам Генуінам OFMCap.
У змястоўнай і шчырай размове настаяцелі абмяркоўвалі не толькі агульны стан Ордэна капуцынаў у свеце, але і разважалі пра клопаты, выклікі, радасці ў жыцці ўсяго Каталіцкага Касцёла.
Генеральны міністр жыва цікавіўся гісторыяй Беларусі і сучаснай сітуацыяй Касцёла ў нашай краіне.
Брат Робэрт шчыра дзякаваў беларускім капуцынам за ўдзел у жыцці мясцовага Касцёла і блізкасць да простых людзей. Генерал выказаў таксама ўдзячнасць за падтрымку беларускімі братамі прысутнасці Ордэна ў Венгрыі, Габоне і Грузіі.
Найвышэйшы кіраўнік Ордэна перадаў цёплае бацькоўскае прывітанне ўсім братам кустодыі, выказаўшы надзею на далейшы плён францішканскага ладу жыцця і капуцынскага паклікання на беларускай зямлі. Падчас сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць яго візіту ў Беларусь.