Пошук

28.10.2019 07:07   Catholic.by

У суботу 26 кастрычніка ў Слабодцы, што на Браслаўшчыне, адбылося пахаванне сястры Францішкі Гайлеш, эўхарысткі, якая адышла ў вечнасць напярэдадні.

Як паведамляе сайт Кангрэгацыі сясцёр служак Езуса ў Эўхарыстыі eucharystki.wordpress.com, цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч. Гамілію прамовіў пробашч парафіі святога Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі дэканат) кс. Аляксандр Баран, якога сястра Францішка рыхтавала да сакрамэнтаў першай споведзі і Камуніі.

У супольнай малітве ўзялі ўдзел сёстры эўхарысткі, святары, блізкія памерлай і шматлікія вернікі, многія з якіх добра ведалі сястру Францішку.

Сястра Францішка Гайлеш нарадзілася 7 лютага 1924 года ў вёсцы Казакова Мёрскага раёна; сакрамэнт хросту атрымала ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі. Ва ўзросце 18 гадоў адчула пакліканне да законніцкага жыцця, рэалізаваць якое ёй не перашкодзіла нават вайна. 9 лютага 1942 года яна распачала пастулат у супольнасці эўхарыстак у Друі. Свае першыя шлюбы ў кангрэгацыі сястра Францішка прынесла 3 кастрычніка 1943 года.

На працягу свайго вялікага жыцця адна з найстарэйшых законніц у Беларусі спазнала нямала выпрабаванняў.

У 50-я гады мінулага стагоддзя, калі лютавалі савецкія рэпрэсіі, яе сям’я хавала ў сябе святароў. Пра гэта даведаліся камуністычныя пераследнікі, і сястру Францішку разам з імі кінулі ў вязніцу.

Пазней яна з іншымі сёстрамі наведвала святароў, якія заставаліся ў вязніцы, і дапамагала ім патрэбнымі рэчамі, хоць самі сёстры часта цярпелі голад і пераслед.

Любоў да Хрыста і Яго Касцёла давала ім сілы трываць у самаахвярным служэнні Богу і бліжнім.

Савецкія часы на нашай зямлі былі цёмнаю ноччу пераследу веры. У Слабодцы каля касцёла быў шпіталь, дзе знаходзіліся цяжка хворыя людзі, але святар не мог да іх трапіць са святарскай паслугай. Сястра Францішка, якая працавала ў шпіталі, падчас начных дзяжурстваў арганізоўвала прыходы святара да паміраючых, хоць яны абодва пры гэтым сур’ёзна рызыкавалі.

Сястра Францішка працавала ў Друі, Слабодцы, Браславе, Ідолце, Удзеле, а таксама некаторы час у парафіях на тэрыторыі Літвы, выконваючы розныя абавязкі ў сваёй манаскай супольнасці.

Два гады таму адна з найстарэйшых законніц у Беларусі адзначыла 75-годдзе шлюбаў.

Апошнія гады зямнога жыцця сястра Францішка правяла ў Полацку. Ахвяруючы Богу малітвы і цярпенне, яна да апошняга ўздыху падтрымлівала сясцёр кангрэгацыі ў іх служэнні, якому прысвяціла сябе да рэшты.

Абноўлена 28.10.2019 13:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа