Пошук

22.10.2019 11:39   Кс. канонік Сяргей Бараўнёў / Catholic.by

20 кастрычніка ў касцёле святога Роха ў аг. Палачаны (Маладзечанскі дэканат) з нагоды 105-й гадавіны з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка ўрачыста благаславілі мемарыяльны знак у гонар Сведкі веры.

Благаслаўленне адбылося падчас святой Імшы ў інтэнцыі вечнага жыцця для спачылага кардынала Свёнтка, цэлебрацыю якой узначаліў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, канонік Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу, дэкан Маладзечанскі і пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне.

У прамоўленым Божым слове святар, дзелячыся ўспамінамі пра асобу кардынала Казіміра Свёнтка, адзначыў, што гэта быў ва ўсіх сэнсах неардынарны, вялікі чалавек які, аднак, ніколі не ганарыўся, любіў гумар і парадак, прыроду і Пінск, сваіх бацькоў і Бацькаўшчыну, але найбольш любіў Бога і Найсвяцейшую Маці.

Парафія ў Палачанах, вядомая з XVII ст., спыніла сваю дзейнасць у савецкія часы пераследу веры, і зноў адрадзілася ў 1996 годзе шмат у чым дзякуючы намаганням тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка. Мемарыяльны знак, благаслаўлёны ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім у новым палачанскім касцёле, пабудаваным замест знішчанай святыні святога Роха ў Аборку, стаў знакам удзячнасці мясцовых парафіянаў свайму былому пастыру.

Такім чынам святая Імша і благаслаўленне мемарыяльнага знаку сталі выразам падзякі Пану Богу за дар зямнога жыцця Сведкі і абаронцы веры кардынала Казіміра Свёнтка. Завяршылася набажэнства супольнай малітвай «Анёл Панскі» за спачылага кардынала.

Абноўлена 22.10.2019 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.