У нядзелю 15 верасня ў касцёле святога Роха ў Палачанах былі асвячаны тры алтары, усталяваныя пасля капітальнага рамонту святыні. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Галоўны алтар прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі, два бакавыя — святому Роху і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Падчас урачыстай Імшы пробашч парафіі кс. Сяргей Бараўнёў шчыра падзякаваў арцыбіскупу, а таксама ўсім парафіянам, якія аказалі дапамогу ў правядзенні рамонтных працаў.
У гаміліі іерарх, разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, адзначыў, што ў наш час часта паўстае пытанне: Бог міласэрны ці справядлівы?
«Ясна адно, што Бог не прымае зла. Ён любіць кожнага чалавека, таксама і грэшніка. Аднак у Яго вачах зло заўсёды застаецца злом, — патлумачыў арцыбіскуп. — А як на праблему глядзіць грэшнік? Трэба прызнаць, што адны зграшылі без сваёй віны. Падобна як у евангельскім аповедзе пра згубленых авечку і драхму. Гэтых Бог шукае.
Але ёсць і такія, якія самі вінаваты. Нягледзячы на гэта, Бог іх чакае, і калі яны прымаюць рашэнне выправіць сваё жыццё, вярнуцца ў дом Айца, як распавядае Евангелле пра марнатраўнага сына, то Ён іх з радасцю прымае. Такім чынам Бог, застаючыся справядлівым, з’яўляецца міласэрным».
Як дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, «мы часта губляем сувязь з Богам, але наша шчасце ў тым, што з Божай дапамогай можам яе знайсці зноў».
Кожны з нас грэшны, але, калі маем добрую волю, то можам стаць святымі, бо Божая міласэрнасць бязмежная, падкрэсліў іерарх, нагадаўшы, што прыкладам імкнення да святасці і навяртання з’яўляюцца святыя.
Кажучы пра асвячэнне алтароў, пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла адзначыў:
«Галоўны з іх прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі. Вядома, што Марыя была зачата Беззаганнай, гэта азначае без першароднага граху.Памылкова было б думаць, што Ёй не трэба было змагацца са спакусамі. Калі злы дух спакушаў Езуса, то напэўна спакушаў і Марыю. Аднак Яна засталася вернай свайму пакліканню быць Маці Збаўцы.
Святы Рох — апякун палачанскай парафіі — перажыў шмат цяжкасцяў. Гэта хвароба халеры і вязніца, дзе яго спакушаў д’ябал. Аднак ён не паддаўся спакусе».
Нагадаўшы, што ў літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса ёсць заклік: «Сэрца Езуса, цярплівае і вялікай міласэрнасці, маліся за нас», арцыбіскуп падкрэсліў:
«Мы павінны быць падобнымі да айца з прыпавесці пра марнатраўнага сына, прабачаць нашым вінаватым, а Бог прабачыць нам, каб мы нарадзілся нанава».
На свяце прысутнічалі вернікі парафіі Божага Цела з суседняга пасёлка Беразінскае, а таксама маленькія артысты з Барысава, якія праспявалі некалькі хрысціянскіх песень. Завяршылася святкаванне выступленнем сталічных гасцей — сям’і Віслаўскіх, якія выканалі ўласныя творы на вершы беларускіх паэтаў Рыгора Барадуліна і Алеся Камоцкага на хрысціянскую тэматыку і былі горача прыняты публікай.