Пошук

21.10.2019 11:13   Тэкст: Ірына Шнітоўская / naracz.by / Catholic.by
Кардынал Казімір Свёнтэк сярод вернікаў. Ружаны, 2009 год. Фота Марыны Вакульскай

21 кастрычніка 1914 года ў мястэчку Валга на тэрыторыі сучаснай Эстоніі нарадзіўся чалавек, імя якога залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Касцёла на Беларусі — Казімір Свёнтэк, першы і адзіны ў сучаснай гісторыі краіны кардынал.

У гонар памятный даты з любоўю да Вялікага чалавека і сапраўднага Пастыра моладзь з парафіі святога Андрэя Апостала ў Нарачы (Мядзельскі дэканат) рэалізавала незвычайны відэапраект.

Юнакі і дзяўчаты зрабілі невялікі аматарскі фільм, які назвалі «Жыццё, як катэхізіс, або Рэкалекцыі з кардыналам Казімірам Свёнткам».

Сам юбіляр, напэўна, парадаваўся б менавіта такому арыгінальнаму падарунку, таму што і сам з задавальненнем здымаў аматарскія фільмы.

Адкуль узялася назва моладзевага праекту, прысвечанага 105-й гадавіне з дня нараджэння кардынала Свёнтка? Яе прадыктавала само жыццё, — прызнаецца нарачанская моладзь на інтэрнэт-старонцы сваёй парафіі Naracz.by, і распавядае такую цікавую гісторыю.

Ксёндз Казімір Свёнтэк з сабакам. Фота з архіву Юрыя Гарулёва.

Калі Казімір Свёнтэк ляжаў хворы ў шпіталі, нарачанцы адпраўлялі яму паштоўкі са словамі падтрымкі. На адной з паштовак было напісана, што жыццё Яго Эмінэнцыі — гэта «катэхізіс, па якім можна вучыць маладое пакаленне сапраўднай веры». Такім чынам у адносінах да кардынала Казіміра Свёнтка гэтыя словы сталі крылатымі.

Чаму ўсё ж такі маладыя нарачанскія католікі вырашылі запрасіць сваіх аднагодкаў на рэкалекцыі з кардыналам? Таму што пасля прагляду гэтага фільма «на душы становіцца так чыста і светла, быццам ты ў споведзі пабыў».

Гэта яшчэ адна крылатая фраза, якую дзесяць гадоў таму сказала адна нарачанская дзяўчынка пасля таго, як пабывала на сустрэчы з кардыналам Свёнткам у Пінску.

Партал Catholic.by разам з моладдзю парафіі святога Апостала Андрэя запрашае на дваццаціхвілінныя «відэарэкалекцыі» з кардыналам Казімірам Свёнткам, каб адарвацца ад мітусні сучаснага свету, фальшывых ідалаў і прарокаў і апынуцца ў свеце любові, гармоніі, прабачэння і сапраўднага служэння Хрысту.

Абноўлена 21.10.2019 12:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа