19 кастрычніка падчас ранішняй святой Імшы ў капліцу Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі. У гэты дзень адзначаецца яго літургічны ўспамін.
На Эўхарыстыі сабраліся семінарысты разам з выхаваўцамі на чале з рэктарам кс. Віталем Вайцяхоўскім. Цэлебрацыю ўзначаліў канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які ўрачыста прынёс рэліквіі да алтара, а таксама прамовіў гамілію. У ёй святар звярнуў увагу на асобу бл. Ежы Папялушкі, нагадаў яго біяграфію і прывёў яго ў прыклад адданасці служэнню Богу.
«Благаслаўлёны Ежы Папялушка дае нам прыклад трываласці ў веры, любові да Касцёла і клопату аб блізкіх», — адзначыў кс. Мацкевіч.
Напрыканцы св. Імшы супольнасць памалілася аб заступніцтве благаслаўлёнага Ежы і ўшанавала рэліквіі.
Гродзенская семінарыя атрымала ў дар рэліквіі бл. Ежы Папялушкі — частку яго косці — ад Варшаўскай архідыяцэзіі (Польшча).
Ва ўсім свеце — ад Бразіліі да Філіпінаў — ёсць каля 1500 рэліквій гэтага благаслаўлёнага. Цяпер яны ёсць і ў семінарыі ў Гродне.