12 кастрычніка ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, урачыста рапачаўся дзявяты год навучання ў «Школе сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі».
З гэтай нагоды адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх благаславіў выкладчыкаў і слухачоў на новы навучальны год.
У гаміліі падчас Імшы біскуп нагадаў пра важнасць слухання Божага Слова, пазнавання Бога і паглыблення сувязі з Ім. Іерарх падкрэсліў, што вера павінна быць вызначальным пунктам для кожнай хрысціянскай сям’і, а бараніць каштоўнасці веры — абавязак кожнага хрысціяніна. Біскуп нагадаў таксама пра задачы «Школы сямейнага жыцця».
Сёлета на першы курс «Школы сямейнага жыцця» ў Мінску паступіла 17 чалавек з розных куткоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля ўрачыстага распачацця новага навучальнага года cлухачы прыступілі да звычайных лекцыйных заняткаў.
«Школа сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі» мае на мэце падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў сямейных кансультацыях. У праграме курсу — прадметы з галіны псіхалогіі, тэалогіі, этыкі, метады распазнавання плоднасці, а таксама практычныя заняткі. У курсе могуць браць удзел прадстаўнікі розных канфесій, а таксама няверуючыя, зацікаўленыя дабром сям’і.