Пошук

15.10.2019 09:09   Паводле: Марына Сінкевіч, Сatholicnews.by

12 кастрычніка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату дыяканам Уладзіславу Шарковічу і Алегу Зямчонку.

Пра гэта паведамляе партал Сatholicnews.by.

На пасвячэнні прысутнічалі святары і кансэкраваныя асобы як з Віцебскай дыяцэзіі, так і з іншых куткоў нашай краіны, выкладчыкі і выхаваўцы будучых святароў з семінарый, сябры і родныя.

10 кастрычніка 2009 года арцыбіскуп Марцін Відавіч, тагачасны Апостальскі нунцый у Беларусі, асвяціў касцёл Езуса Міласэрнага як катэдру ў Віцебску.

«Узгадваючы гэтую падзею сёння, праз 10 гадоў, тут перажываем вялікую ўрачыстасць. Дзякуючы Пану Богу за гэты час існавання, просім Яго моцы Духа Святога перадусім для двух кандыдатаў, якія сёння атрымаюць прэзбітэрскае пасвячэнне», — сказаў біскуп Алег Буткевіч. Ён адзначыў, што гэта асабліва ўрачысты дзень не толькі для кандыдатаў да святарства, але і для ўсёй Віцебскай дыяцэзіі, а таксама ўсяго Каталіцкага Касцёла.

Напачатку дыяканы пацвердзілі сваю прысутнасць, пасля чаго рэктар Пінскай духоўнай семінарыі кс. Андрэй Рылка звярнуўся да пастыра дыяцэзіі з просьбай аб пасвячэнні.

Гамілію біскуп распачаў з разважання над тым, чым з’яўляецца святарства. Гэта, па яго словах, найпрыгажэйшае пакліканне, але і вялікая прыгода — ісці за Хрыстом, быць знакам Яго прысутнасці і дзейнічаць як Ён.

Іерарх засяродзіў увагу на некалькіх галоўных пунктах: не разлічваць толькі на сябе, але дзяліцца Хрыстом і будаваць супольнасць, будаваць сваё святарства і служэнне, вучыцца даверу адзін да аднаго і Духа Святога, не дазваляць нікому, акрамя Хрыста, змяняць сябе, быць святлом і соллю для свету. Біскуп падзякаваў бацькам кандыдатаў, бо гэта дзень ахвяравання імі сваіх сыноў Богу.

Атрымаўшы пасвячэнне, кс. Алег і кс. Уладзіслаў упершыню прынялі ўдзел у Эўхарыстыі як прэзбітэры.

Напрыканцы Імшы яны падзякавалі Усемагутнаму Богу, Нябеснай Маці Марыі і сваім бацькам за дар, які атрымалі ў гэты дзень.

Падзяку яны выказалі таксама біскупу Алегу Буткевічу, выкладчыкам і выхаваўцам семінарый, святарам, якія дапамагалі ў распазнанні паклікання, падчас духоўных і семінарыйных практык.

Ксёндз Уладзіслаў Шарковіч нарадзіўся 31 сакавіка 1995 года ў Мёрах. У 2012 годзе скончыў сярэднюю школу і паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Паспяхова скончыўшы навучанне, 15 жніўня 2018 года, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у касцёле ў Мёрах прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Алега Буткевіча. Душпастырскую практыку праходзіў у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім. Пасля пасвячэння скіраваны вікарыем у парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім.

Ксёндз Алег Зямчонак нарадзіўся 9 чэрвеня 1989 года ў Парыжы (Пастаўскі дэканат). У 2007 годзе скончыў сярэднюю школу. Фармацыю праходзіў у духоўных семінарыях у Пінску і чатыры гады ў Санкт-Пецярбургу. 28 красавіка 2019 года, у свята Божай Міласэрнасці, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Алега Буткевіча. Душпастырскую практыку праходзіў у катэдральнай парафіі ў Віцебску. Пасля пасвячэння скіраваны вікарыем у катэдральную парафію Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця