Пошук

11.10.2019 08:53   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Павел Леановіч / Catholic.by

10 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання, які для семінарыстаў правёў пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Духоўныя практыкаванні распачаліся ўвечары напярэдадні гімнам Духу Святому і супольнай Малітвай на заканчэнне дня з Літургіі гадзінаў.

Ва ўступным духоўным настаўленні кс. Францішак, які быў адным з першых выпускнікоў Гродзенскай семінарыі, акрэсліў першую тэму разважанняў: «Крыж як знак любові Бога да мяне».

Пры гэтым святар, чыімі намаганнямі быў пабудаваны не адзін касцёл, падкрэсліў:

«Каго Бог любіць, таму пасылае крыж. Кожнаму свой. І варта браць свой крыж і не ўскладаць крыжа на плечы свайго брата».

Над гэтымі словамі будучыя святары разважалі ў цішыні вечара і падчас ранішняй медытацыі.

Удзень кіраўнік рэкалекцый прапанаваў семінарыстам засяродзіцца на пакліканні на прыкладзе самай першай «духоўнай семінарыі» — супольнасці дванаццаці апосталаў, якіх вучыў сам Езус Хрыстус.

Пры гэтым ксёндз Францішак звярнуў увагу на асноватворную ролю малітвы ў будаванні блізкіх і даверлівых адносінаў з Богам.

Як неабходнае малітоўнае практыкаванне кастрычніцкі дзень духоўнага засяроджання ўключаў у сябе супольную малітву Ружанца, падчас якой семінарысты разважалі над таямніцамі зямнога жыцця Збаўцы праз заступніцтва Яго Найсвяцейшай Маці — Маці ўсіх святароў.

Дзень засяроджання працягнула адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і паяднанне з Богам у шчырай споведзі.

Кульмінацыяй духоўных практыкаванняў стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік з Мінска.

У прамоўленай гаміліі святар заахвоціў сваіх будучых калегаў штодзённа жыць Божым словам, даўшы пры гэтым сведчанне ўласнага вопыту семінарыйных гадоў і багатага святарскага жыцця.

Абноўлена 11.10.2019 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа