Пошук

08.10.2019 17:13   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by

6 кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, на сустрэчы, арганізаванай душпастырствам настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі, сабралося больш за 150 прадстаўнікоў сферы адукацыі і выхавання з розных парафій Гродзеншчыны.

У межах сустрэчы ўдзельнікі паслухалі даклад «Супольнасць Касцёла — месца сустрэчы з Езусам і іншым чалавекам», з якім перад імі выступіў дыяцэзіяльны душпастыр настаўнікаў і выхавацеляў кс. канонік Антоній Грэмза. Святар звярнуў увагу на два аспекты: Касцёл як месца сустрэчы з Хрыстом і Касцёл як месца сустрэчы з іншым чалавекам.

Ксёндз Антоні падкрэсліў, што, каб Касцёл станавіўся месцам сустрэчы з Богам і чалавекам, патрэбная адпаведная падрыхтоўка да годнага прыняцця святых сакрамэнтаў і іх плённага перажывання.

Праграму мерапрыемства працягнула праца ў групах, дзе ўдзельнікі разважалі пра ролю настаўніка ў супольнасці Касцёла, парафіі, школы і сям’і. Гэта была магчымасць дзялення перажываннямі ад прысутнасці ў супольнасці і магчымасць сведчанняў.

Адбылася таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі даверылі Богу новы навучальны год і сваіх вучняў, сярод якіх працуюць штодзень.

Найважнейшым пунктам сустрэчы настаўнікаў і выхавацеляў стала святая Імша, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У гаміліі іерарх падкрэсліў выключную ролю, якую адыгрываюць у жыцці настаўнікі, нагадаўшы пры гэтым, што кожны чалавек павінен рэалізаваць сваё пакліканне да служэння Богу і супольнасці, у якой жыве.

Ад імя Касцёла біскуп Станеўскі падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў працы навучання дзяцей і моладзі. Ён пажадаў, каб дабро, што прысутнічае ў дзецях і моладзі, якіх яны вучаць, было абуджана, каб высакароднае станавілася яшчэ прыгажэйшым і каб такім чынам можна было будаваць добрую будучыню маладых людзей, даручаных іх апецы, а таксама добрую будучыню нашай краіны і Касцёла.

Абноўлена 08.10.2019 17:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа