Пошук


08.10.2019 13:21   Тэкст: Ганна Фёдарава / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага — аднаго з самых вядомых святых ва ўсім свеце і заснавальніка вялікай сем’і францішканскіх супольнасцяў, — у мінскай парафіі ў гонар святога адбылася адпустовая ўрачыстасць.

У сталічнай парафіі святога Францішка, якой апякуюцца Браты меншыя капуцыны, святкаванне ў гонар святога бедняка з Асісзі прайшло асабліва радасна, у цёплай сямейнай атмасферы і ў духу запаветаў святога, якія ён пакінуў сваім братам.

Падрыхтоўка да свята пачалася за некалькі тыдняў.

Парафіяне рыхтаваліся перадусім духоўна, супольна молячыся навэнну да святога Францішка. Акрамя таго, вернікі загадзя прыбралі касцёл і парафіяльны пакой, а таксама прыгатавалі прысмакі на святочны стол.

Урачыстасць традыцыйна распачалася ўвечары напярэдадні са спецыяльнага набажэнства, якое называецца Transitus і цэлебруецца на ўспамін пераходу айца Францішка з гэтага свету ў вечнае жыццё.

Людзей на гэтае набажэнства сабралося так шмат, што літаральна не было месца, каб укленчыць.

Хоць гэтая цэлебрацыя з’яўляецца ўспамінам смерці святога, аднак усё ў ёй гаворыць пра хрысціянскую надзею несмяротнасці.

Яшчэ больш удзельнікаў сабрала галоўная святая Імша ў пятніцу, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Аляксандр Улас, дырэктар парталу Catholic.by, выхаваны на францішканскай духоўнасці.

Дзякуючы супрацоўнікам «Радыё Марыя» тыя вернікі, якія не змаглі фізічна прысутнічаць у касцёле, мелі магчымасць далучыцца да цэлебрацыі ў анлайн-трансляцыі і маліцца разам з супольнасцю. 

          

Успамін святога Францішка з’яўляецца важным момантам сапраўднай лучнасці для франішканскіх супольнасцяў, якіх, дарэчы, вельмі шмат.

Падчас святой Імшы ў мінскім касцёле святога Францішка сястра Наталля Раманоўская і сястра Марына Кажаронак аднавілі свае абяцанні ў супольнасці Францішканскага Ордэна Свецкіх.

Такія падзеі вельмі важныя не толькі для Трэцяга Ордэна, але і для усёй супольнасці Касцёла, бо яны яскрава сведчаць пра тое, што духоўная спадчына святога Францішка не толькі жыве, але і прыносіць багаты плён таксама ў наш час.

На Імшы прысутнічалі шматлікія госці з розных парафій і прадстаўнікі касцёльных рухаў. Паводле сведчанняў парафіянаў і гасцей, урачыстасць атрымалася сапраўды сямейнай і шчырай.

Абноўлена 08.10.2019 17:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.