Пошук

03.10.2019 11:11   Тэкст: Кс. Віктар Захарэўскі / Фота: Юрый Аблажэй / Catholic.by

2 кастрычніка ў парафіі святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготна (Дзятлаўскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць, а таксама 30-ю гадавіну вяртання вернікам забранай у савецкія часы святыні.

Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Віктара Захарэўскага ўрачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які 30 гадоў таму, 2 кастрычніка 1989 года, цэлебраваў у мясцовым касцёле першую пасля вяртання святыні Імшу.

На пачатку Эўхарыстыі парафіяне хлебам-соллю і кветкамі віталі свайго першага душпастыра. У прамоўленай гаміліі біскуп нагадаў, кім з’яўляюцца Анёлы і якую важную ролю выконваюць яны ў чалавечым жыцці і ў Божых планах.

«Кожны з нас мае свайго Анёла Ахоўніка, які ўдзень і ўначы нам дапамагае, але змусіць нас не рабіць зла не мае магчымасці. Ён тады толькі перажывае за нас», — падкрэсліў іерарх. —

Таму вельмі важна прыслухоўвацца да голасу Анёла, які прамаўляе праз нашае сумленне».

Святочны дзень і візіт пастыра выклікаў шмат успамінаў. Біскуп разам са старэйшымі вернікамі прыгадаў, як на пачатку 1989 года касцёл, у якім пасля вайны знаходзіўся калгасны свіран, быў вернуты парафіі. За некалькі месяцаў мясцовыя католікі аднавілі сваю святыню, і менавіта ва ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў у ёй зноў адбылася святая Імша, на якой многія плакалі ад радасці.

Біскуп Дзям’янка падзякаваў прадстаўнікм старэйшага пакалення за захаваную веру і адрамантаваную святыню. Іерарх таксама заклікаў моладзь працягваць справу сваіх дзядоў і бацькоў і берагчы свой касцёл.

  

 

Абноўлена 03.10.2019 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця