Пошук

01.10.2019 13:07   Алена Захарэвіч / Catholic.by

У нядзелю 29 верасня вернікі каталіцкай парафіі ў аграгарадку Гатава, што пад Мінскам, адзначылі адпустовую ўрачыстасць святога Арханёла Міхала.

Парафіяне пад кіраўніцтвам сваіх духоўных пастыраў — святароў з законніцкай супольнасці ксяндзоў міхалітаў — загадзя пачалі рыхтавацца да свята. У капліцы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам на працягу дзевяці дзён яны маліліся Навэнну да святога Міхала Арханёла.

Акрамя духоўнай падрыхтоўкі, напярэдадні парафіяльнай урачыстасці яны правялі суботнік, падчас якога супольнымі намаганнямі навялі парадак у капліцы, парафіяльным доме, а таксама на тэрыторыі каля будучага касцёла, што яшчэ будуецца.

Кожны парафіянін стараўся зрабіць свой асабісты ўнёсак у агульную добрую справу.

Нарэшце доўгачаканы дзень свята настаў. На пачатку парафіяльнай урачыстасці душпастыр гатаўскай парафіі ксёндз Аляксандр Ашмянчук CSMA прывітаў усіх яе ўдзельнікаў, а асабліва шаноўных гасцей: ксяндзоў і вернікаў, якія прыбылі з іншых парафій.

Цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў парафіяльнай капліцы ўзначаліў ксёндз Павел Эйсмант, куратар першага курсу Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі. У прамоўленым Божым слове святар растлумачыў вучэнне Касцёла пра добрых і злых духаў і распавёў пра барацьбу дабра са злом за чалавечыя душы, якая адбываецца ў свеце.

Напрыканцы Імшы вернікі выказалі словы падзякі ксяндзу Паўлу за супольную малітву.

Яны таксама павіншавалі з патранальным святам сваіх душпастыраў, ксяндзоў міхалітаў, якія з самага пачатку існавання каталіцкай супольнасці ў Гатаве няспынна будуюць тут Касцёл з жывых камянёў чалавечых душаў, а таксама клапоцяцца пра будаўніцтва ў аграгарадку сваёй святыні — касцёла ў гонар святога Міхала Арханёла.

Завяршылася свята смачным салодкім пачастункам, які прыгатавалі парафіяне. Яны вераць, што іх новы касцёл, які яшчэ не мае даху, прыкрывае сваімі магутнымі крыламі сам нябесны заступнік парафіі святы Арханёл Міхал.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.