З 27 па 29 верасня ў Гудагаі ў чарговы раз прайшлі дні малітвы для дзяўчат на тэму «Каштоўнасць малітвы ў цішыні».
Тры дні, прысвечаныя малітве, правялі ў гудагайскім кляштары сясцёр кармэлітак сямёра маладых дзяўчат, каб у цішыні слова і цішыні свайго сэрца спаткацца з жывым Богам.
Праграма сустрэчы была духоўна насычанай. Удзельніцы мелі магчымасць паслухаць канферэнцыю, якую для іх падрыхтаваў і прамовіў ксёндз Юрый Ясевіч. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту яны маглі паяднацца з Нябесным Айцом у сакрамэнце споведзі, пабыць сам-насам з Богам і сказаць Яму ўсё тое, што ёсць на сэрцы.
Паколькі дні малітвы праходзілі незадоўга да ўспаміну святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, што адзначаецца ў Касцёле 1 кастрычніка, было праведзена спецыяльнае набажэнства ў гонар гэтай святой кармэліткі.
У набажэнстве кожная з удзельніц па-свойму перажыла асабістую духоўную сустрэчу са святой Тэрэзай і атрымала праз яе заступніцтва абяцаны «дождж з ружаў» — патрэбныя ласкі з Нябёсаў.
Усе дзяўчаты атрымалі таксама па жывой ружы, ў якіх былі схаваныя думкі-цытата ад святой Тэрэзы. Як пазней прызналіся некаторыя з іх, словы гэтай маладой святой кранулі сэрца ажно да слёз.
Засяродзіўшыся на тэме сустрэчы «Каштоўнасць малітвы ў цішыні», самі ўдзельніцы заўважылі, што менавіта святая Тэрэза вучыць нас маліцца шчыра і проста:
«Для мяне малітва — гэта ўзнясенне сэрца, просты позірк, скіраваны да Неба, вокліч удзячнасці і любові як у цярпенні, так і ў радасці».
Напрыканцы сустрэчы ўдзельніцы падкрэслілі, як важна для іх вырвацца з горада і прыехаць у прыгожую нешматлюдную вёсачку з маляўнічымі краявідамі, дзе нават мабільны тэлефон працуе не паўсюль і інтэрнэт «не цягне»… Гэта проста неабходна для таго, каб спыніцца, падумаць, па-сапраўднаму адчуць радасць жыцця, спаткацца з Богам.
Усе тыя ласкі, якія кожная ўдзельніца атрымала ў гэтыя дні, застануцца ў сэрцы, каб прынесці добры духоўны плён.
Абменьваючыся ўражаннямі, дзяўчаты згодна казалі, што пасля перажытых у Гудагаі дзён малітвы яны адчуваюць радасць, якой хочацца дзяліцца з іншымі.