Пошук

25.09.2019 17:48   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by

24 верасня была ўрачыста асвячана адноўленая капліца маёнтку Чамброва недалёка ад Навагрудка. Асвячэнне капліцы, якая ўжо ўключана ў турыстычны маршурт «Шляхам Адама Міцкевіча», здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, была адноўлена і фігура Хрыста, які нясе крыж. Фігура знаходзілася ў разбураным стане — ад яе засталася толькі частка тулава. Таксама праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, выкладзена дарожка і ўстаноўлены лаўкі.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел раённыя ўлады Навагрудчыны і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Польшчы. Ініцыятарам праекту выступіў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.

Прысутнічалі нашчадкі роду Карповічаў, якія былі ўладальнікамі маёнтку больш за сто гадоў.

Менавіта ў часы іх валодання, а дакладней у другой палове ХІХ ст., і была пабудавана капліца.

Аднаўленне архітэктурнага аб’екта стала магчымым дзякуючы падтрымцы Рэспублікі Польшча. Стварыць праект з гістарычнай дакладнасцю дапамаглі архіўныя маіэрыялы і працы фатографа Яна Булгака, ураджэнца Навагрудчыны.

Падчас урачыстасці старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка падкрэсліў, што гэтае месца мае сапраўды багатую гісторыю, якая аб’ядноўвае народы — беларускі і польскі. Ён дадаў, што гістарычнае гэтае месца яшчэ і таму, што яно звязана са знакамітым паэтам Адамам Міцкевічам.

Фота: grodnensis.by

Кіраўнік раёна падзякаваў прадстаўнікам Польскага нацыянальнага фонду за садзеянне і актыўны ўдзел у адраджэнні капліцы і выказаў надзею, што гэтае месца будзе прыцягваць шмат турыстаў — мясцовых і замежных.

Затым перад асвячанай капліцай адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх са свайго боку выказаў удзячнасць усім, хто паспрыяў таму, каб капліца нанова атрымала жыццё.

Ён выказаў перакананне, што гэтае месца стане таксама месцам малітвы, дзе шмат людзей будзе не толькі дакранацца да гісторыі, звязанай з Міцкевічам, але і ўзрастаць духоўна.

Сядзіба Чамброва знаходзілася паміж вёскамі Валеўка і Радагошча. Першымі вядомымі ўладальнікамі Чамброва былі Курчы герба Радван. У ХVІІІ стагоддзі гэты маёнтак належаў сям’і Узлоўскіх, а ў пачатку ХІХ стагоддзя быў набыты навагрудскім адвакатам Карповічам. Пасля маёнтак належаў яго сыну Юліяну, жонкай якога была Караліна з роду Булгакаў, а апошнім уладальнікам быў унук Караль, жанаты на Марыі Паплаўскай. Чамброва знаходзілася ва ўласнасці роду Карповічаў больш за сто гадоў.

Фота: grodnensis.by

Чамброва — тыповая шляхецкая сядзіба, якая прываблівала не толькі сваёй архітэктурай і навакольнымі краявідамі, але і атмасферай, якая ў ёй панавала. Даследчыкі лічаць чамброўскі двор прататыпам міцкевічаўскага Сапліцова ў паэме «Пан Тадэвуш».

У 1928 годзе тут праходзілі здымкі фільма па паэме «Пан Тадэвуш». У фільме здымаўся гаспадар Чамброва, а таксама члены яго сям’і. Многія акцёры на здымках былі мясцовымі жыхарамі.

Значная частка маёмасці чамброўскага двара была разрабавана ў час Першай сусветнай вайны. У 1943 годзе дом Карповічаў у Чамброве быў спалены.

Пасля пажару ад сядзібы засталіся мураваныя склепы, фундамент і высокі падмурак з камянёў.

Сёння ў гэтым месцы можна ўбачыць рэшткі ліпавай алеі і невялікую каплічку, якая зноў будзе прыцягваць шматлікіх турыстаў, пілігрымаў і проста мінакоў.

Больш фота на Grodnensis.by>>>

Абноўлена 25.09.2019 18:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.