Пошук

24.09.2019 11:30   Тэкст: ксёндз Аляксандр Шупенька / Фота: з архіва парафіі / Catholic.by

У нядзелю 22 верасня ў Шклове адсвяткавалі 20-годдзе з таго гістарычнага моманту, калі ў горадзе быў нанава асвячаны касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў адроджанай шклоўскай святыні з гэтай нагоды ўзначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Падзяліць з католікамі Шклова радасць гэтай падзеі сабраліся таксама святары і вернікі з суседніх парафій.

Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаваны дзякуючы сродкам фундатараў Аляксандра Хадкевіча і Марыі Цукаты, быў першапачаткова асвячаны 12 жніўня 1849 года арцыбіскупам Магілёўскім Казімірам Дмахоўскім.

Гісторыкі сцвярджаюць, што будынак касцёла быў узведзены на падмурках знакамітага тэатра Зорыча, які знаходзіўся калісьці на гэтым месцы. На думку даследчыкаў, пры будаўніцтве святыні былі часткова выкарыстаны матэрыялы, якія заставаліся ад тэатра.

У дакументах нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года згадваецца прозвішча аднаго з першых шклоўскіх святароў — ксяндза Антона Пжыалкоўскага. Апошнім шклоўскім пробашчам у міжваенны час з 1925 па 1930 гады быў ксёндз Яўген Крулікоўскі.

У савецкія часы змагання з рэлігіяй касцёл зачынілі.

Пасля 1936 г. у будынку касцёла зрабілі кінатэатр, пазней выкарыстоўвалі як склад аўташколы. Яшчэ праз некаторы час у будынку згарэў дах, і да 1993 г. ад касцёла заставаліся толькі сцены.

Першым святаром, які прыехаў на Шклоўшчыну пасля часоў ваяўнічага атэізму, быў кс. Браніслаў Карвоўскі. Ён пачаў збіраць мясцовых вернікаў і заняўся аднаўленнем святыні. З таго часу ў шклоўскай парафіі адрадзілася рэлігійнае жыццё і пачалі рэгулярна адбывацца набажэнствы. Напачатку вернікі збіраліся ў разбураным будынку касцёла, пазней у класе школы ДТСААФ.

20 верасня 1999 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне адноўленай святыні ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

Нанава асвяціў шклоўскі касцёл кардынал Казімір Свёнтэк, тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Дзякуючы руплівым намаганням святароў, вернікаў і дабрадзеяў з кожным годам святыня ў Шклове становіцца ўсё больш прыгожай і ўтульнай.

 

У прамоўленай у 20-ю гадавіну аднаўлення касцёла гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі зазначыў, што, аднаўляючы святыні, трэба таксама аднаўляцца духоўна.

Святая Імша ў гэты дзень стала падзякаю Богу за 20 гадоў адноўленай дзейнасці касцёла ў Шклове; за тое, што ўжо два дзесяцігоддзі Ён асаблівым чынам прысутнічае на шклоўскай зямлі ў сваёй адроджанай святыні.

Абноўлена 24.09.2019 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа