21 верасня ў Белай зале мінскага храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ахвяраў, якія паслужылі ўратаванню Бацькаўшчыны, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Міжнароднага дня міру. Каталіцкі Касцёл на ім прадставіў ксёндз канонік Францішак Рудзь.
Арганізатарамі мерапрыемства сталі Грамадскае аб'яднанне «Беларускі фонд міру» ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеем РБ пры падтрымцы прыхода ў гонар Усіх Святых.
Міжнародны дзень міру быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1981 г. У 2001 г. Генеральная Асамблея прыняла рашэнне штогод адзначаць яго 21 верасня як дзень адмовы ад гвалту і дзень спынення агню.
Падзеі апошніх гадоў — вайна, тэрарызм, палітычныя супярэчнасці, якія падзяляюць народы і асобных людзей ва ўсім свеце, кліматычны крызіс — абумовілі беспрэцэдэнтную актуальнасць Міжнароднага дня міру сёння.
У верасні 2015 г. у Нью-Ёрку адбыўся саміт 193 кіраўнікоў дзяржаў, якія з’яўляецца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. На сустрэчы быў прыняты дакумент, які змяшчае 17 мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця свету. Удзел у саміце ўзяла і Рэспубліка Беларусь. Сучасная Беларусь з’яўляецца актыўным партнёрам ААН у барацьбе супраць войнаў і захавання міру на зямлі.
Кожны год сусветная супольнасць вызначае дэвіз Міжнароднага дня міру. Сёлета яго дэвіз — «Барацьба са змяненнем клімату дзеля міру».
Удзельнікі мерапрыемства заклікалі грамадзян Беларусі выступіць супраць вайны ў фармаце асветы і інфармавання грамадскасці па пытаннях, звязаных з мірам.
Напярэдадні адбыўся рэспубліканскі конкурс «Шчасце — жыць у мірнай краіне», у якім прынялі ўдзел навучэнцы каледжаў мастацтваў, дзіцячых мастацкіх школ, цэнтраў дадатковай адукацыі. Па выніках конкурсу былі вызначаны пераможцы, якія атрымалі падарункі. Лепшыя працы былі ўключаныя ў альбом «Дзеці за мір».
Колькасць удзельнікаў паказала асаблівае стаўленне беларусаў да міру. Беларусь, якая ў ходзе сваёй гісторыі не раз спазнала разбурэнні і гора вайны, моліцца за мірнае неба над галавой кожнага жыхара планеты.
Бог сказаў чалавеку: «Не забі!» Памятаючы пра гэта кожны дзень, чалавек будзе жыць на Зямлі без разбурэнняў і гора вайны.