Пошук

20.09.2019 13:31   Тэкст: Ян Корабаў, Ганна Блюшч / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

19 верасня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі на святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылося благаслаўленне моладзі і студэнтаў на новы навучальны год.

Падчас Імшы арцыбіскуп нагадаў моладзі, што трэба ўзрастаць не толькі інтэлектуальна, але і духоўна.

Калі чалавек не ідзе наперад, ён вяртаецца назад, — гэтымі словамі іерарх пачаў сваю гамілію. Як нагадаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, грамадства чакае, што сённяшнія студэнты стануць у будучыні спецыялістамі, якія змогуць адказваць на выклікі часу.

Ён дадаў, што ў вялікім горадзе можна заблудзіцца і стаць «ананімным» католікам, і заклікаў моладзь не станавіцца такімі «ананімнымі» вернікамі.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп удзяліў моладзі і студэнтам спецыяльнае благаслаўленне, а таксама благаславіў залікоўкі.

Пасля Эўхарыстыі распачалася першая ў гэтым навучальным годзе агульная сустрэча моладзі ў архікатэдры, на якой сабраліся маладыя людзі з розных парафій сталіцы. У сустрэчы ўдзельнічалі дапаможны біскуп Гродненскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які з’яўляецца адказным за душпастырства моладзі ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сустрэча праходзіла ў форме дыялогу з іерархамі. Маладыя людзі мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх хвалююць. Іерархі з радасцю адказвалі, дзяліліся сваімі думкамі і ўспамінамі, жартавалі.

Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў моладзь чытаць Апостальскую адгартацыю папы Францішка Christus Vivit, якую неаднойчы цытаваў падчас сустрэчы.

Таксама ён заахвоціў памятаць пра свае карані, прыслухоўвацца да сваіх бабуль і дзядуляў, бо ім, якія праз гады захавалі веру, ёсць што нам сказаць.

Напрыканцы біскуп пажадаў маладым людзям словамі папы Францішка:

«Няхай Дух Святы прыспешвае вас да бегу наперад.

Касцёл патрабуе вашага энтузіязму, вашых ідэй, вашай веры. Нам гэта патрэбна!І калі дойдзеце туды, куды мы яшчэ не дайшлі, будзьце цярплівымі, пачакайце нас».

 

Сустрэча з іерархамі стала нагодай, каб натхніць моладзь не толькі на добрую вучобу, але і на добрыя ўчынкі.

Абноўлена 20.09.2019 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа