Пошук

18.09.2019 09:58   Паводле: Aндрэй Юхнік, кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Павел Леановіч

15 верасня адбылася пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на ўзгорку Надзеі ў Капцёўцы.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, сёлетняя пілігрымка традыцыйна вырушыла ў трэцюю нядзелю верасня раніцай з гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай (францішканскі). Пастырскае благаслаўленне на дарогу пілігрымам удзяліў адказны за моладзь у беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі.

Дзяцей і моладзь суправаджалі бацькі, многія ішлі цэлымі сем’ямі. Усе пілігрымы неслі да трону Маці Божай свае інтэнцыі і просьбы.

Вучні і студэнты прасілі Бога праз Марыю аб тым, каб мець дапамогу ў вучобе, а дзеці, якія рыхтуюцца да Першай Камуніі, маліліся аб тым, каб як найлепш падрыхтаваць свае сэрцы да прыняцця Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Ішлі да Маці Божай і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія таксама прасілі аб Божым благаслаўленні ў новым навучальным годзе і давяралі Богу праз рукі Марыі ўсе свае патрэбы.

Для многіх гэтая пілігрымка, якая пачынаецца вераснёвым золкім ранкам і працягваецца некалькі гадзін, за якія трэба пераадолець больш за 15 кіламетраў, стала ўжо добрай традыцыяй.

Гэта асаблівы час малітвы, падзякі, просьбы і праслаўлення. Па дарозе часта завязваецца сяброўства паміж дзецьмі і моладдзю з розных парафій Гродна.

У ружанцовай малітве пілігрымы прасілі благаслаўлення для сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі. Яны маліліся аб дапамозе ў вучобе, асаблівым чынам просячы Божай апекі і заступніцтва Маці Божай для студэнтаў, каб яны маглі супрацьстаяць спакусам сучаснага свету і памяталі, што асноваю шчаслівага жыцця з’яўляецца вера.

На ўзгорку Надзеі пілігрымаў прывітаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма.

Вітаючы вернікаў, кусташ заклікаў даверыць усё сваё жыццё, сённяшні і заўтрашні дзень Пану Богу, які з’яўляецца крыніцай усялякага дабра.

Трэба спадзявацца, што супольнае духоўнае вандраванне дзяцей, моладзі, студэнтаў, настаўнікаў, законных сясцёр і святароў на пачатку навучальнага і катэхетычнага года ў санктуарый у Капцёўцы прынясе благаслаўлёныя плёны ў жыцці ўсіх удзельнікаў пілігрымкі.

Абноўлена 18.09.2019 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.