Пошук

16.09.2019 12:20   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

15 верасня, у Дзень бібліятэк Беларусі, у сталічнай парафіі Маці Божай Будслаўскай прайшла выстава-продаж рэлігійнай літаратуры выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Pro Christo.

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў парафіі быў адкрыты першы каталіцкі буккросінг — абмен кніг рэлігійнай тэматыкі.

Гэта своеасаблівая бібліятэка ў сучасным фармаце, якая ўжо набыла вялікую папулярнасць сярод вернікаў Мінска.

Кніжны фонд каталіцкага буккросінга быў створана пры актыўным удзеле выдавецтва Pro Christo. Нягледзячы на вялікую папулярнасць сучасных гаджэтаў, дзякуючы якім сёння можна чытаць практычна любую кнігу ў электронным фармаце, традыцыйная кніга не спяшаецца здаваць свае пазіцыі.

Выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Pro Christo было заснавана ў 2000 годзе дэкрэтам тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка. Вось ужо на працягу амаль 20-і гадоў выдавецтва радуе сваіх чытачоў кнігамі па духоўнасці, па гісторыі Каталіцкага Касцёла, працамі па рэлігійнай філасофіі, даведачнай літаратурай на еўрапейскіх мовах, літаратурай у галіне псіхалогіі сямейных адносін і выхавання падрастаючага пакалення вернікаў. Касцёльныя выдаўцы не пакідаюць без увагі і самых маленькіх чытачоў.

Усе кнігі выдавецтва Pro Christo спадабаліся вернікам за глыбокі рэлігійны сэнс, запамінальны матэрыял, прыгожае афармленне і высокую якасць паліграфіі.

Падчас выставы-продажу супрацоўнік выдавецтва Алёна Вячэрская распавяла аб творчых момантах у выданні рэлігійнай кнігі, аб працы выдавецтва на сучасным этапе і планах калектыву на будучыню. Кожны з наведвальнікаў выставы-продажу змог азнаёміцца з поўным зборам друкаванай літаратуры выдавецтва і набыць цікавыя кніжныя навінкі.

Асаблівую цікавасць у вернікаў выклікала падрыхтоўка і выданне Рыма-Каталіцкім Касцёлам у Беларусі першага поўнага афіцыйнага перакладу на беларускую мову кніг Новага Запавету, якое здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў касцёлы Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

За гэтую працу яе супрацоўнікі былі ўдастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне». Эпахальная падзея ў гісторыі Касцёла на Беларусі выклікала гарачы інтарэс у наведвальнікаў выставы.

Вернікі казалі, што Новы Запавет на роднай мове стане сямейнай рэліквіяй, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Выдавецтва падаравала новыя кнігі ў парафіяльную бібліятэку буккросінга. Запрашаем усіх да ўдзелу ў дзяленні кніжнымі навінкамі, каб духоўна ўзбагаціцца дзякуючы чытанню рэлігійнай літаратуры.

Абноўлена 16.09.2019 12:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця