Субота 7 ліпеня стала ў Брэсце кульмінацыяй святкавання міленіума, да якога актыўна далучыліся таксама мясцовыя каталіцкія вернікі разам са сваімі духоўнымі пастырамі.
На гэты дзень было запланавана шмат разнастайных мерапрыемстваў: ад духоўных да забаўляльных.
Аднак для вернікаў самае важнае месца ў праграме занялі адмысловыя набажэнствы за горад і яго жыхароў.
Апоўдні ва ўсіх святынях горада пачалі біць званы, запрашаючы вернікаў на малітву. У касцёле Узвышэння Святога Крыжа разам з мясцовымі вернікамі і гасцямі старажытнага Брэста маліўся біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Сёння мы дзякуем за 1000-годдзе існавання гэтага горада. Дзякуем за жыхароў, за тое, што яны на працягу вякоў выконвалі Божую волю: жылі, працавалі на гэтай зямлі. Адначасова мы хочам перапрасіць Езуса Хрыста за ўсё тое, што, можа, было не так у нашым хрысціянскім жыцці.
Праз заступніцтва Маці Божай Брэсцкай хочам папрасіць Яе Сына, каб благаслаўленне Божае заўсёды было над жыхарамі гэтага горада над Бугам», — сказаў іерарх на пачатку набажэнства.
Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам вернікі дзякавалі Богу за апеку, пад якой горад існуе дагэтуль, нягледзячы на войны і спусташэнні. Дзякавалі яны і за ўсіх ахрышчаных за 1000 гадоў існавання горада, за адноўленыя парафіі.
Брэсцкія католікі перапрашалі за зруйнаванне і занядбанне святыняў на працягу тысячагадовай гісторыі горада і прасілі збавіць ад страху будучыні і надаць сілаў, каб перамяняць родны Брэст да лепшага.
Асаблівыя віншаванні перадаў брэстаўчанам з Рыма Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Ён зачытаў ліст ад Сакратара Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў і перадаў прадстаўніку гарадскіх уладаў юбілейны медаль ад папы Францішка. Атрымаў падарунак і біскуп Антоні Дзям’янка: горад прэзентаваў яму энцыклапедыю, выдадзеную да 1000-годдзя Брэста.
«Гістарычна так склалася, што наш горад заўсёды быў поліканфесійным. Сёння ў Брэсце зарэгістраваны 52 рэлігійныя супольнасці 17-і канфесій.
Тут склалася ўнікальная традыцыя, калі ў адным горадзе суіснуюць розныя канфесіі, і рыма-католікі займаюць пачэснае месца ў гэтай вялікай духоўнай сям’і», — зазначыў у сваёй віншавальнай прамове Валянцін Мілашэўскі, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. Ён пажадаў усім глыбокай веры ў лепшую будучыню і духоўнай моцы.
Пасля малітваў і віншаванняў у касцёле адбыўся святочны канцэрт духоўнай музыкі.
«Такія набажэнствы за горад могуць стаць у Брэсце новай традыцыяй», — выказаў супольнае жаданне вернікаў і гарадскіх уладаў прадстаўнік адміністрацыі.