Пошук


Ці бывалі вы калі-небудзь на Святой Зямлі? У Бэтлееме, Назарэце, Ерузалеме? А вось дзеці з мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Марыі Кольбэ, якія вырушылі на «Канікулы з Богам», былі. І хоць пры гэтым яны не пакідалі лагера ў вёсцы Ляскоўка, гэта было сапраўднае падарожжа.

Сайт парафіі Jan.by, які правёў з дзецьмі адзін дзень, каб на сабе адчуць усе асаблівасці незвычайнай прыгоды, апавядае пра гэта:

Ужо з раніцы было бачна, што нас чакая спёка, будзе горача, як у Егіпце. І сапраўды, у гэты дзень «тур-канікулы» прыехалі ў Егіпет — краіну, куды Юзаф з Марыяй і Езусам уцяклі ад пераследу Ірада.

Сястра Кляра Волчак CSFN тлумачыць, што галоўная ідэя — вандроўка з Маці Божай па месцах, якія звязаны з Маці Божай і Езусам: «Важна, каб гэтае падарожжа было спалучана са Словам Божым, таму кожны дзень чытаецца адпаведны ўрывак з Евангелля. Падчас вандравання па розных гарадах нараджаюцца галоўныя думкі.

Напрыклад, у першы дзень у Назарэце, калі анёл прыйшоў да Марыі, гэта былі добрыя словы. На працягу дня дзеці казалі шмат добрых слоў адно аднаму, аніматарам, і гэта было крута».

Каманды

Усе дзеці падзяліліся на каманды. Кожны дзень у іх ёсць розныя абавязкі, кожная каманда за нешта адказвае. Хтосьці за літургію, хтосьці за малітву на працягу дня, хтосьці за прыбіранне і парадак. Кожная каманда мае свой колер, дзеці самі прыдумалі назвы і дэвізы. Таксама прыдумалі альбо ўспомнілі песню, якая больш пасуе.

— Мы «Зялёныя падарожнікі», — кажа Злата Цвірко, — мы выбралі сабе такую назву, таму што мы падарожнічаем з Маці Божай па Святой Зямлі.

— Мы назвалі сваю каманду «Рыцары Беззаганнай» таму, што мы і ёсць рыцары, мы як прыслужнікі Марыі, — дзеліцца Юра Пукіта, — Мы перамагаем грэх, гаворым, што так няправільна рабіць, і кажам, як правільна. Адкуль ведаем, што правільна? Каго слухаем? Марыю!

— А мы «Блакітныя анёлы» — служым Богу і дапамагаем людзям, — падхоплівае Арцём Чаган.

— Мы «Залатыя Сябры». Мы хочам на «Канікулах з Богам» пасябраваць і наша сяброўства ўзмацніць», — кажа Карына Клімовіч, а Данііл Петрашкевіч дадае: «Так, наш дэвіз — “Каждого берём в друзья, чтоб большой была семья!”»

Кожная каманда вядзе свой альбом. На працягу дня юныя вандроўнікі запісваюць у альбом назву города і нейкія думкі ці ўражанні, якія больш запомніліся, альбо робяць малюнкі. Таксама кожная каманда зрабіла алтарык для Марыі.

Давер

Пасля руханкі і смачнага сняданку ідзём на катэхезу, якую праводзіць сястра Кляра.

Сёння мы прыбылі ў Егіпет. Усе хлопцы і дзяўчаты ў сваіх тур-білетах атрымалі адпаведны штампік (як у пілігрымцы ў Санцьяга-дэ-Кампастэла) і цяпер знаёмяцца з невядомай краінай.

Невядомай яна была і для Святой Сям’і. Сястра Кляра распавядае і паказвае на слайдах пра быт і культуру тагачаснага Егіпта і прапануе задумацца над урыўкам з Евангелля, які перад гэтым пачулі. Ці лёгка было Юзафу вырашыцца на небяспечнае падарожжа? Ці ведаў ён, што Святую Сям’ю чакае ў незнаёмай краіне? Трэба было мець вялікі давер да Бога, каб паступіць згодна з Яго воляй. Дзеці разважаюць аб гэтым. А каму яны могуць давяраць? Богу? Бацькам? Настаўнікам? Давер — галоўнае слова на сёння.

Аніматары

Упільнаваць 45 дзяцей ад 1 да 5 класа — справа няпростая. Гэтым займаюцца сямёра дарослых — брыгада з цэлай іерархічнай структурай.

На чале стаіць ксёндз Уладзімір Марушэўскі SChr, яму дапамагаюць сёстры Кляра Волчак CSFN і Агнешка Рамашка CSFN. Як высветлілася, сёстры маюць ужо амаль дваццацігадовы досвед служэння, але, як заўважыла сястра Кляра, «чым далей, тым больш адчуваеш сваю адказнасць».

Непасрэдна камандамі апякуюцца чатыры аніматары: Алена Манчынская, Ганна Маісеева, Паліна Маісеева і Паліна Ручан.

Пра абавязкі аніматараў распавядае Паліна Ручан: «Першае, вядома, гэта бяспека. Каб нікуды не ўлезлі, нічога не здарылася. Наступнае — праца ў групах. Я для сябе ставіла задачу з’яднаць каманду, каб яны пазнаёміліся, былі разам. За першыя два дні гэта ўдалося. Вельмі матывуюць класныя конкурсы, “мае” ад эстафеты былі ў захапленні — гэта першая іх перамога ў Вялікай гульні. На сустрэчах у групах мы молімся на пачатак, потым размаўляем. Дзеці задаюць пытанні адносна тэмы дня, па катэхезе, якую праводзіць сястра Кляра».

«Кожны вечар мы падсумоўваем балы, — далучаецца да размовы сястра Агнешка, — за паводзіны, камандны дух, Вялікую гульню.

Лепшая каманда атрымлівае анёлка, які ставіцца на алтарыку і сведчыць, што каманда была лепшай. А на наступны дзень анёлак можа перайсці да іншай каманды ці застацца».

Малітва

Пасля працы ў групах сонца ў зеніце. Хутка абед, але перад ім вельмі важны пункт распарадку дня — святая Імша.

Задаём маленькім вернікам правакацыйнае пытанне: а ці абавязкова на канікулах Імша, навошта яна? У вачах здзіўленне, быццам іх спыталі пра нешта відавочнае, што немагчыма не ведаць.

Вера Сцішэўская: «Імша патрэбна, каб умацаваць нашу веру».

Арцём Чаган: «Каб нас абаранялі Бог і Марыя».

Данііл Петрашкевіч: «Таму што гэта канікулы менавіта з Богам, а не проста звычайны лагер. Адну гадзіну пабыць на святой Імшы — гэта вельмі мала, у нас цэлы дзень ёсць, у нас на ўсё ёсць час».

Аня Вянско: «Імша ў нас не займае часу, не перашкаджае, гэта ж не цяжар нейкі, а наадварот. Імша нам прыносіць радасць таму, што мы сустракаемся з Езусам».

«Імша, Вяночак да Божай Міласэрнасці і іншыя набажэнствы, Вялікая гульня, Вясёлы вечар — праз гэта ўсё імкнёмся дасягаць мэты, якія ставім, — запэўнівае ксёндз Уладзімір Марушэўскі. — Бацькі давяраюць нам дзяцей на гэты час, хочам, каб яны адпачылі не толькі фізічна, але і духоўна, але таксама і ўзраслі. Вера, Пан Бог, сяброўства — гэта важнае».

Арцём

У суседнім доміку жывуць з бацькамі дзеці, хворыя на рак, якія знаходзяцца тут на час лячэння. Звычайна іх не пускаюць гуляць з іншымі, бо ў іх стане любая інфекцыя можа стаць лёсавызначальнай. Але маленькага Арцёма пускаюць. Ён пасябраваў з дзецьмі гэтай парафіі. Асабліва яму спадабалася каманда «чырвоных».

Парафіяльныя дзеці ведаюць, што Арцём хворы, і стараюцца быць уважлівымі да яго, прымаюць у свае гульні, каб падчас хваробы ён адчуваў і радасць, а не толькі пакуты.

У другой палове дня ўсіх чакаў сюрпрыз: да дзяцей завітала шэф «Божых каровак» Ангеліна Гуд, каб правесці квэст. Камандам давялося пастарацца, каб яго прайсці. Тут сапраўды быў патрэбны камандны дух і зладжаныя дзеянні. Нарэшце моцны дождж спыніў гульню і падвёў вынік: хоць не ўсе былі аднолькавыя, але ўсе перамаглі, бо кожны нечаму навучыўся.

Зоркі

На гэты дзень быў запланаваны не проста Вясёлы вечар, а цэлае шоў — «Шоў талентаў». А таленты ў гэтай парафіі ёсць. Для многіх удзел у конкурсе меў вялікае значэнне: некаторыя пачалі рыхтавацца да яго амаль з таго моманту, як завяршыўся папярэдні. Напрыклад, Ева Гардынец і сёстры Цвірко рыхтавалі свой танец амаль паўгода. Спецыяльна каб пабачыць прадстаўленне, прыехалі з Мінска ксёндз Алег Шпець SChr і парафіяльная моладзь.

Усе ўдзельнікі паказалі вельмі высокі клас. Асабліва варта адзначыць неверагодны мастацкі ўзровень малюнкаў Насці Паталей і Ані Басько, прыгожа спявалі сёстры Манчынскія, Ксюша Луцэнка, уразіла сваім танцам Сафія Селівоха.

На заканчэнне молімся разам у коле. Перапрашаем за ўсё дрэннае, дзякуем Богу за ўвесь дзень. У вечаровай цішыні гучыць спакойны спеў. Святары благаслаўляюць хлопцаў і дзяўчат, і ўсе жадаюць адно аднаму спакойнай ночы.

А заўтра будзе новы дзень, новыя ўражанні, новыя прыгоды ў вандроўцы разам з Марыяй. Бо «нас Марыя запрашае, на дарогу бласлаўляе, тур-канікулы ў нас, з Богам крочым кожны час!».

                                                            

 

Абноўлена 04.09.2019 13:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця