З 26 жніўня па 1 верасня ў парафіі святога Казіміра ў горадзе Стоўбцы праходзіць тыдзень малітваў праз заступніцтва Маці Божай Суцяшэння, якая ўшаноўваецца ў славутым ласкамі цудадзейным абразе ў Горцы Духоўнай у Польшчы. Копія гэтага абраза была калісьці ў старажытным стаўбцоўскім касцёле, зруйнаваным у 1953 годзе.
Аказалася, што калі бязбожныя савецкія ўлады зачынілі і знішчылі святыню, абраз Маці Божай удалося ўратаваць. Аднак пра гэты факт да нядаўняга часу амаль ніхто не ведаў.
2 сакавіка ў Стоўбцах з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча праходзіла парафіяльная урачыстасць у гонар святога Казіміра. Ва ўрачыстай працэсіі стаўбцоўскія вернікі неслі крыж, фігуру святога Міхала Арханёла, абраз святога Казіміра, але не ўзялі ні абраза, ані фігуры Найсвяцейшай Панны Марыі.
І раптам здарыўся цуд: Маці Божая сама з’явілася сваім дзецям, несучы ім суцяшэнне.
Перад пачаткам малітвы і працэсіі Усевалад Гундзіловіч, які жыве ў доме насупраць школьнага стадыёна, дзе калісьці знаходзіўся касцёл святога Казіміра, спяшаючыся ў царкву, убачыў, як ідзе падрыхтоўка да набажэнства. Ён падышоў да святара і сказаў, што ў яго доме захоўваецца абраз Маці Божай Суцяшэння з разбуранага касцёла.
Абраз, які ўжо 60 гадоў зберагалі некалькі пакаленняў сям’і Гундзіловічаў, дастаўся яму ад дзеда Уладзіміра. Паводле яго словаў, малітва жонкі, Святланы Альбертаўны, перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшэння паспрыяла не толькі захаванню, але і ўмацаванню іх сям’і. Цяпер абраз адноўлены і займае годнае месца ў капліцы.
На працягу тыдня стаўбцоўскія вернікі моляцца праз заступніцтва Маці Божай Суцяшэння за ўвесь Каталіцкі Касцёл, асабліва за Касцёл у Беларусі, за кіраўнікоў дзяржавы, за нашы сем’і, за дзяцей і моладзь, за хворых і церпячых, за людзей пажылога ўзросту, за паміраючых і за душы ў чыстцы, за будаўніцтва новага касцёла і ахвярадаўцаў.
Кожны жадаючы мае магчымасць запісаць і падаць сваю інтэнцыю малітвы.
Штодзённа на працягу тыдня пасля святой Імшы, якая пачынаецца а 8-й гадзіне, адбываецца выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыя, якая суправаджаецца малітвамі праз заступніцтва Маці Божай Суцяшэння і Фацімскім Ружанцам.
У нядзелю, 1 верасня, пасля святой Імшы а 9-й гадзіне адбудуцца адарацыя і працэсія.
Маці Божая Суцяшэння захацела быць са сваімі дзецьмі, і яны таксама шчыра гэтага жадаюць.