Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пачатак 2019–2020 катэхетычнага года
Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі, бацькі, дзеці і моладзь!
Заканчваецца перыяд канікулаў, і перад намі адкрываецца новы школьны і катэхетычны год. Пасля адпачынку нам варта пастарацца добра выкарыстаць час, які Пан Бог нам дае для таго, каб мы лепш карысталіся дарам розуму і праз гэта станавіліся больш чалавечнымі. Такую магчымасць даюць нам сям’я і школа. Дапамагае ў гэтым таксама прабыванне ў супольнасці Касцёла. Мы ўсе разам складаем Касцёл. Як яго члены мы глядзім на час у перспектыве пазнання Бога.
Ахвяруючы час на тое, каб пазнаць Бога, мы набліжаемся да Яго. Магчымасць пазнання гэтых рэчаў дае нам удзел у катэхезе.
Я заахвочваю вас, дарагія дзеці і моладзь, радасна ўвайсці ў новы катэхетычны год. Кожны з нас адчувае, што Бог добры. Мы ведаем, якое мноства сваіх дароў Ён нам удзяляе. Мы ведаем, як Бог стварыў свет і сфармаваў чалавека. Ведаем і тое, што мы створаныя на Яго вобраз і падабенства. Але адкуль нам гэта вядома? Штосьці перадалі нам бацькі, але многае становіцца вядомым дзякуючы заняткам рэлігіі.
Дарагія бацькі, я вельмі прашу вас сачыць за тым, каб вашы дзеці наведвалі заняткі рэлігіі.
Катэхеза, якую ажыццяўляе Касцёл, з’яўляецца выкананнем наказу Хрыста: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Таму вельмі важна, каб да яе ставіліся з усёй сур’ёзнасцю і павагай. Перш за ўсё трэба абапірацца на веру і з яе дапамогаю будаваць сапраўдную іерархію каштоўнасцяў. Гэта не менш важна, чым матэматыка альбо іншыя прадметы. Памятайма пра гэта. Памятайма таксама, што катэхеза вядзе чалавека да алтара і святых сакрамэнтаў.
Можна сказаць, што ўзровень катэхезы і адносіны да яе пацвярджаюцца праз прысутнасць чалавека ў касцёле і прыняцце сакрамэнтаў. У адваротным выпадку гэта толькі рэлігіязнаўства.
У гэтым годзе ў якасці прыкладу я хачу прапанаваць усім асобу Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Гэты цудоўны чалавек і першы пастыр нашай дыяцэзіі заклаў у ёй грунтоўны катэхетычны падмурак. Навучанне на адпаведным узроўні было яго прыярытэтам. Біскуп Зыгмунт Лазінскі змагаўся з рэлігійнай абыякавасцю, не цярпеў невуцтва, кажучы, што адсутнасць ведаў не мае нічога агульнага з прастатою. Ён лічыў, што чалавек не можа заставацца «цёмным», таму і ад духавенства патрабаваў належнага інтэлектуальнага ўзроўню.
Няхай жа належнае стаўленне да катэхезы будзе з нашага боку своеасаблівым знакам падрыхтоўкі да 150-й гадавіны нараджэння Слугі Божага, якую адзначым у наступным годзе.
Пакідаю вас з гэтымі думкамі, а таксама прашу маліцца аб тым, каб новы катэхетычны год у Касцёле быў плённы і благаслаўлёны. Амэн.
Ад сэрца благаслаўляю
+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі
Пінск, 21 жніўня 2019 г.
Гэтае паведамленне неабходна прачытаць у першую нядзелю верасня на ўсіх святых Імшах у касцёлах Пінскай дыяцэзіі і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў да канца 2019 г.