З 23 па 25 жніўня ў кляштары сясцёр змёртвыхпаўстанак у Наваполацку прайшлі рэкалекцыі для моладзі на тэму «Мае мары і жаданні».
У кожнага з нас ёсць свае мары і жаданні. Часам іх атрымліваецца рэалізаваць, а часам яны пераходзяць на іншы ўзровень. Дзякуючы ласцы Пана Бога яны ачышчаюцца, каб прыносіць плён.
У дні рэкалекцый Езус запрасіў кожнага ўдзельніка да сустрэчы каля студні Якуба, як гэта было з самаранкай. Менавіта Пан першы выйшаў на сустрэчу і вельмі чакаў таго, каб наталіць нашую прагу жывою вадою Свайго слова.
Падчас рэкалекцый была цудоўная магчымасць паглядзець на свае мары і жаданні, а таксама навучыцца выбіраць тое, што каштоўнае, і тое, што надае сэнс нашаму жыццю.
Не абышлося і без майстар-класу па вырабе хрысціянскага сімвалу — рыбкі.
Кожны чалавек з’яўляецца студняй, і толькі ад нас залежыць, чым мы будзем яе напаўняць.