Пошук

20.08.2019 15:06   Тэкст: дыякан Алег Зямчонак / Catholic.by

Як і ў мінулыя гады, вернікі віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага адправіліся ў Браслаў аўтобусам. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе яны правялі ўсё падарожжа ў непарыўнай малітве.

У пілігрымку вернікі паехалі са сваім пробашчам ксяндзом Валерыем Орсікам і дыяканам Алегам Зямчонкам. Арганізатар аўтобуснай пілігрымкі старшыня парафіяльнага камітэта Пётр Глод кожны раз складае новыя напрамкі, бо на Віцебшчыне вельмі шмат касцёлаў, якім больш за 100 гадоў.

Раніцай 16 жніўня, атрымаўшы благаслаўленне ад біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, вернікі адправіліся да Маці Божай Валадаркі азёраў у Браслаў.

У ходзе пілігрымкі былі малітвы да Маці Божай, канферэнцыі на духоўную тэматыку. Таксама ўдзельнікі супольна спявалі песні ў гонар Багародзіцы.

На працягу ўсёй дарогі не было амаль ні хвіліны цішыні. Увесь аўтобус трываў у пастаяннай малітве.

Ксёндз Валерый Орсік падкрэсліў, што пілігрымка — гэта не толькі падарожжа альбо нейкая экскурсія. Па словах святара, гэта час, які мы перажываем разам з Езусам і Марыяй у няспыннай малітве. Кожнаму чалавеку ў жыцці неабходна ўдзяляць некалькі часу, каб пабыць сам-насам з Богам, паразмаўляць з Ім, а таксама цалкам адкрыцца і даверыцца Яму. Вельмі складана будзе знайсці сапраўднае шчасце ў жыцці, калі мы не зможам адчуць прысутнасць Езуса побач з намі, дадаў пробашч парафіі.

Аўтобус рабіў прыпынкі каля касцёлаў, якія знаходзіліся на шляху ў Браслаў (Пагошча, Лужкі, Германавічы, Новы Пагост, Мёры, Іказнь). Пілігрымаў сустракалі святары і парафіяне, дзелячыся гісторыяй сваіх парафій, сведчаннем веры, а таксама молячыся за ўдзельнікаў падарожжа. У касцёлах пілігрымы маліліся Ружанец, літаніі і спявалі песні ў гонар Маці Божай.

Перад Браславам аўтобус спыніўся каля гары Маяк, на якой пілігрымы, узяўшыся за рукі, памаліліся за паспяховую дарогу і падзякавалі адзін аднаму за малітву і час, праведзены разам. Затым са сваімі просьбамі і падзякамі яны адправіліся ў Браслаў на ўрачыстасці ў гонар цудатворнага абраза Маці Божай Валадаркі азёраў.

Такія пілігрымкі не толькі ўзбагачаюць людзей духоўна, але і знаёмяць з гісторыяй і прыгажосцю роднай зямлі.

Кожная пілігрымка — гэта найперш шлях да Бога: у малітве, разважанні, пераадольванні перашкодаў. Летні час дае кожнаму з нас магчымасць прайсці гэтым шляхам пілігрыма і стаць бліжэй да Божага Валадарства.

Абноўлена 21.08.2019 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця