17 жніўня пры касцёле святога Казіміра ва Уселюбе, што на Навагрудчыне, упершыню адбыўся Казіміраўскі фэст #РАЗАМ.
Як паведамляе сайт газеты «Новае жыццё», у свяце, арганізаваным мясцовай парафіяй і аддзелам культуры Навагрудскага райвыканкама, узялі ўдзел больш за 250 чалавек. Сярод іх не толькі навагрудчане, але і жыхары іншых мясцін.
Вітаючы прысутных, пробашч уселюбскай парафіі святога Казіміра кс. Віталій Цыбульскі падзякаваў усім, хто актыўна ўдзельнічае ў жыцці парафіі і дапамог у падрыхтоўцы святочнага мерапрыемства.
Святар, які з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і асноўным арганізатарам фэсту, адзначыў, што яго мэта — аб’яднаць людзей розных узростаў, веравызнанняў, прафесій, з рознымі захапленнямі і талентамі, а таксама даць магчымасць кожнаму ўдзельніку знайсці сабе занятак да душы, адпачыць цікава і карысна.
На тэрыторыі касцёла было абсталявана некалькі тэматычных зон, прысвечаных гульням, творчасці, танцам і іншым сферам дзейнасці.
Мясцовыя майстры правялі для жадаючых майстар-класы, адбылася бяспройгрышная латарэя і розыгрыш суперпрыза, працавалі музей пад адкрытым небам, выстаўкі-продажы і летнія кавярні. На галоўнай сцэне выступілі аматарскія калектывы і артысты Навагрудчыны і іншых раёнаў. У дзяцей асаблівай папулярнасцю карысталіся забавы ХІХ стагоддзя і сучасныя гульні.