15 жніўня ў катэдральнай базыліцы ў Пінску адбылася адпустовая ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. На свята сабраліся госці з розных куткоў Беларусі, а таксама з абедзвюх парафій некаранаванай сталіцы беларускага Палесся.
Перад святой Імшой прагучаў Акафіст у гонар Маці Божай, які заспяваў дыякан Януш Чарнамораў.
Адпустовую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць асаблівага набажэнства да Марыі, якая выпрошвае патрэбныя ласкі ў Сына.
Пасля Імшы прайшла эўхарыстычная працэсія на падворку.
Напрыканцы біскуп Антоні благаславіў кветкі, садавіну і гародніну, якія вернікі традыцыйна прынеслі ў гэты дзень у касцёл.