Пошук

19.08.2019 14:55   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

Вечарам 18 жніўня ў Гродна прыбыла ХХVII экуменічная пешая пілігрымка Беласток – Гродна – Вільня. У гэты дзень група пілігрымаў перасякла польска-беларускую мяжу і спынілася на начлег у жыхароў Гродна.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, удзельнікаў пілігрымкі ў гэтым годзе больш за 400. Наймалодшаму з іх 7 гадоў, а найстарэйшаму 84. Іх суправаджаюць 14 святароў, 7 семінарыстаў і 6 сясцёр законных.

Ужо стала традыцыяй, што беластоцкая пілігрымка спыняецца на сваім шляху ў Гродне, каб пасля кароткага адпачынку вырушыць далей да цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнай у Вострай Браме (Літва), дзе вернікі змогуць даручыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень.

У Гродне да гэтай пілігрымкі далучаюцца вернікі з Беларусі. Сёлета іх будзе больш за 100.

Пілігрымаў прывіталі перад касцёлам Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі), дзе яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў ім за цяжар пілігрымавання і прыгожае сведчанне веры, так патрэбнае сучаснаму свету, якое яны даюць гродзенцам. Як адзначыў ён, такім чынам яны паказваюць сабе і іншым, што сёння варта жыць з Богам і звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі ва ўсіх сваіх патрэбах.

Ксёндз доктар Лукаш Жук, кіраўнік пілігрымкі, падкрэслівае, што пілігрымка з Беластока ў Вільню становіцца ўсё больш папулярнай у Польшчы і за мяжой. Пілігрымаў не з Беластока ў ёй амаль палова. Сёлета іх шмат з Усходу, між іншым з Расіі, Беларусі і Украіны.

За плячыма ў пілігрымаў 3 дні шляху, засталося яшчэ 6. Перасякаючы тры краіны, яны традыцыйна наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюць на сваёй дарозе. Таксама яны сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, якія вітаюць іх ля прыдарожных крыжоў ці капліц і адчыняюць ім дзверы дамоў і сэрцаў.

Пасля 9 дзён падарожжа і пераадолення каля 300 км яны ўвойдуць днём 24 жніўня ў Вострую Браму, дзе прымуць удзел у святой Імшы.

Афіцыйна пілігрымка завершыцца 25 жніўня супольнай Эўхарыстыяй у віленскай катэдры.

Сёлета пілігрымка праходзіць пад назвай «У моцы Духа». Гэты дэвіз атрымлівае асаблівае гучанне ў святле апошніх падзей, калі Касцёл і вера моцна атакуюцца. Таму адважныя пілігрымы ідуць праз Польшчу, Беларусь, а затым Літву, каб даць сведчанне сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла.

Абноўлена 20.08.2019 09:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця