Пошук

19.08.2019 10:55   Тэкст: Надзея Бука, Мікола Гракаў / Фота: Генадзь Бука / Catholic.by

17 жніўня парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), а таксама шматлікія госці сабраліся на Залатой Горцы ў Мінску, каб ушанаваць святога Роха і адзначыць 155-годдзе асвячэння залатагорскага касцёла.

Цэлебрацыю святой Імшы на палявым алтары ўзначаліў кс. прэлат канонік Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа з Маладзечна, які калісьці служыў у Нясвіжы і быў духоўным выхаваўцам сённяшняга пробашча залатагорскай парафіі кс. каноніка Юрыя Санько.

Божае слова да ўдзельнікаў урачыстасці скіраваў ксёндз Кірыл Бардонаў, які нагадаў гісторыю святога Роха і правёў паралелі з цяперашнім часам. Святар параўнаў вернікаў парафіі з маленькай кропляй, якая можа быць кропляй у моры, ці кропляй з соллю, якая змяняе смак стравы. Так і парафіяльная сям’я можа змяніць Касцёл да лепшага і быць прыкладам для іншых.

«У перакладзе з французскай мовы імя Рох азначае „скала“. Мы, хрысціяне, можам быць тою скалою, якая моцна трывае і супрацьстаіць усім выпрабаванням і складанасцям», — падкрэсліў ксёндз Кірыл.

У гэты дзень гучала шмат віншаванняў і пажаданняў. Пробашч залатагорскай парафіі кс. Юрый Санько ўзгадаў, колькі ўсяго змянілася з юбілею касцёла за пяць гадоў: у святыні памянялі дах і кроквы, правялі новае электраабсталяванне, зрабілі рамонт у класе для катэхез.

Два гады таму вялікая тэрыторыя даўніх Залатагорскіх могілак была цалкам перададзена парафіі і цяпер гэта ўнікальны куток цішыні і духоўнага спакою ў самым цэнтры вялікага мегаполіса.

Пробашч шчыра падзякаваў усім парафіянам за адданую працу пры касцёле, за іх шчодрасць і самаахвярнасць.

Віншаванні з нагоды парафіяльнай урачыстасці і 155-й гадавіны асвячэння касцёла ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча скіраваў канцлер курыі кс. Дзмітрый Пухальскі.

Ганаровымі граматамі за ўнёсак у развіццё парафіі былі ўзнагароджаны першы пробашч адроджанай залатагорскай супольнасці ксёндз Міхал Сапель, скульптар Валяр’ян Янушкевіч, які аздобіў інтэр’ер вернутай святыні, сёстры кангрэгацыі святога Дамініка, якія з 1992 года працуюць пры парафіі, парафіяльны хор «Залатая Горка» пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Юрый Трушчанка.

Пасля афіцыйнай часткі ўсіх гасцей свята чакала прыгатаваная на палявой кухні каша і гарачая гарбата.

Напрыканцы свята на сцэне ўпершыню выступіў моладзевы гурт «Адзінства», створаны нядаўна парафіяльнай моладдзю, якая паспяхова выступіла на дыяцэзіяльнай парафіядзе. Юнакі і дзяўчаты праспявалі песні праслаўлення і былі ўзгагароджаны апладысментамі слухачоў. Стварэнне моладзевага гурта стала своеасаблівым падарункам для залатагорскіх парафіянаў на 155-годдзе асвячэння касцёла.

Абноўлена 19.08.2019 13:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.