Пошук


Сведчаннем вялікай пашаны і поўнага даверу да Маці Божай стала вялікая колькасць пілігрымаў, якія 16 жніўня прыбылі на сёлетнія ўрачыстасці ў браслаўскі санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Вось некалькі гісторый пілігрымаў, якімі яны падзяліліся з Catholic.by, дасягнуўшы мэты свайго вандравання.

Генадзь Бервячонак з Глыбокага свой чатырохдзённы шлях да Маці Божай Валадаркі азёраў здзейсніў у самоце. Раней ён неаднаразова прыходзіў у Браслаў разам з глыбоцкай пілігрымкай, але гэтым разам вырашыў ісці самастойна. Натхніў яго на гэта аповед святара падчас пілігрымкі ў Росіцу: распавядаючы пра традыцыі пілігрымавання, айцец Аляксандр Жарнасек МІС зазначыў, што айцы езуіты пілігрымуюць у самоце.

Шлях Генадзя Бервячонка, натхнёнага прыкладам духоўных сыноў святога Ігнацыя Лаёлы, ляжаў праз Дунілавічы, Паставы і Відзы.

Начаваў мужчына ў парафіяльных дамах — плябаніях, карыстаючыся гасціннасцю мясцовых пробашчаў, a ў Відзах — у доме 90-гадовай жанчыны. Мужчына кажа, што для яго гэта стала чарговым сведчаннем той дапамогі, якую нясе Маці Божая тым, хто цалкам давярае Ёй.

У самоце пераадолела свой шлях на ровары і Людміла Вярковіч з Мёраў. Жанчына прызналася, што планавала ехаць з мёрскай пілігрымкай, але пабаялася, што не здолее вытрымаць тэмпу яе ўдзельнікаў, таму вырашыла выехаць крыху раней. Шлях у 36 кіламетраў 60-гадовая жанчына здзейсніла за 5 гадзінаў, прыехаўшы ў Браслаў нашмат раней за арганізаваную пілігрымку.

Алена Фадзеева з Паставаў за сённяшні дзень пераадолела на ровары 80 кіламетраў. У складзе пастаўскай пілігрымкі яна прыязджае сюды ўжо ў трэці раз. Жанчына распавядае, што для яе пілігрымка ў Браслаў — гэта палёгка ў жыццёвых нягодах, але перадусім падзяка Найсвяцейшай Панне Марыі.

«Маці Божая дапамагае мне годна несці свой крыж. Я адчуваю сябе шчаслівай, бо дзякуючы Яе заступніцтву і дапамозе жыву поўным жыццём», — кажа жанчына.

Вольга Давыдзенка з Полацка гэтым разам прыехала самастойна, хоць раней неаднаразова прыходзіла ў складзе глыбоцкай пілігрымкі. Яна прызнаецца, што тут, у браслаўскім санктуарыі, адчувае вялікую радасць, што ўжо амаль на працягу пяці дзён знаходзіцца побач з цудатворным абразом Маці Божай.

«Гэта такая вялікая радасць, што вось тут знаходзіцца наша Матуля. Тут цэніш кожную хвіліну, бо маеш магчымасць некалькі разоў за дзень прыйсці і памаліцца каля Яе стоп», — сведчыць Вольга.

Сёлета на ўрачыстасці прыбылі чатыры арганізаваныя пілігрымкі. Самай масавай як заўсёды была пешая пілігрымка з Глыбокага.

На чале з пробашчам парафіі ксяндзом Мікалаем Ціхановічам і ксяндзом Віктарам Місевічам у Браслаў прыйшло 115 пілігрымаў.

Пілігрымка з суседняй з Браславам Пагошчы заўсёды выходзіць увечары, пасля працоўнага дня. Гэтым разам у дарогу да Маці Божай вырушылі 24 вернікі на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Славамірам Самковічам і семінарыстам Андрэем Янулем.

Дзве пілігрымкі прыбылі на роварах.

Велапілігрымка з Мёраў, якую ўзначалілі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік і ксёндз Антон Лагунёнак, налічвала 12 чалавек. 15 чалавек прыехала ў складзе пастаўскай пілігрымкі, якую пад чулым суправаджэннем пробашча пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксяндза Анджэя Бульчака вёў ксёндз Валерый Марціноўскі.

Па добрай традыцыі каля ўваходу ў касцёл пілігрымаў сустракаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, акрапляючы стомленых пілігрымаў асвячонай вадой і сардэчна вітаючы іх у санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў. Пілігрымы ўваходзілі ў касцёл і клаліся крыжам на падлогу, аддаючы пашану Маці Божай, давяраючы Ёй свой боль і смутак, але таксама радасць і супакой.

…І хіба не адзін з іх у гэты час паўтараў словы з дэвізу папскага гербу святога Яна Паўла II, чыя сутана знаходзіцца ў браслаўскім санктуарыі — Totus Tuus: «Я ўвесь Твой, Марыя! Я ўся Твая!»

 

Абноўлена 17.08.2019 00:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця