Пошук

14.08.2019 17:00   Catholic.by
Руіны Крэўскага замку, дзе была падпісана Унія 1385 г. Фота: posmotrim.by

14 жніўня 1385 года ў Крэве, што сёння з’яўляецца маленькім мястэчкам на Смаргоншчыне, а калісьці было вялікакняскай рэзідэнцыяй, адбылася падзея, якая паспрыяла распаўсюджванню хрысціянства на нашых землях.

У тыя часы суседняе з нашай дзяржавай Польскае каралеўства (карона) перажывала вельмі цяжкі перыяд сваёй гісторыі. Краіна засталася без манарха, а каралеве Ядвізе было ўсяго трынаццаць гадоў. Польшчы пагражала заваёва крыжакамі і страта незалежнасці.

У такіх умовах шмат хто з буйных польскіх феадалаў бачыў выйсце ў альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім.

Акрамя таго, гэты саюз забяспечыў палякам мір на межах з Княствам, войска якога толькі за адзін пераможны паход 1376 г. вывела з Польшчы 23 тысячы палонных.

Акт Крэўскай уніі 1385 года. Фота spuscizna.org

Паводле акта уніі, падпісанай 14 жніўня 1385 г. у Крэўскім замку, Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралевай Ядвігай і стаць каралём Польшчы.

Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць хрысціянства і ахрысціць сваіх братоў, сваякоў ды іншых падданых, якія да гэтага часу вызнавалі паганства.

Ён таксама абяцаў вызваліць усіх палонных польскіх хрысціянаў.

Хрост Літвы. Мастак Уладзіслаў Цясельскі.

У наступным, 1386 годзе Ягайла хрысціўся ў Кракаве паводле рыма-каталіцкага абраду, узяў шлюб з Ядвігаю і быў каранаваны пад імем Уладзіслава II, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (па-польску Ягелонаў).

Яшчэ праз год у каталіцтва было ахрышчанае паганскае насельніцтва Вялікага Княства.

Ягайла выдаў прывілей, які даваў шляхце (баярству) дадатковыя вольнасці і правы пры ўмове прыняцця каталіцкай веры.

Такім чынам, заключаны ў Крэве дынастычны саюз паспрыяў таму, што на нашыя землі канчаткова прыйшло хрысціянства.

Касцёл Перамянення пана ў Крэве. Фота Уладзімір Ткачэнка / radzima.org

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця