13 жніўня ў будынку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску адбыўся другі тур уступнага экзамену для кандыдатаў на першы год навучання ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Гродне і Пінску.
Экзаменацыйныя пытанні датычыліся Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла, яго структуры з мэтай лепш ацаніць зацікаўленасць кандыдатаў тым, як жыве Касцёл.
Акрамя таго, кандыдатам трэба было растлумачыць матывы свайго выбару следаваць за Хрыстом, які кліча іх да працы ў Яго аўчарні ў якасці святароў.
Экзамен прымала экзаменацыйная камісія ў наступным складзе:
- старшыня камісіі — ксёндз Павел Эйсмант, куратар 1-га курса
- ксёндз Юрый Пракапюк, віцэ-рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.
Пасля пісьмовай часткі экзамену кандыдаты сустрэліся з адным з членаў камісіі на кваліфікацыйнай размове.
Экзаменацыйная камісія, праінфармаваўшы пра сваё рашэнне дыяцэзіяльных біскупаў, з чыіх дыяцэзій паходзяць кандыдаты, і атрымаўшы іх благаслаўленне і згоду, паведамляе, што новымі студэнтамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне сталі кандыдаты з Гродзенскай дыяцэзіі:
- Андрэй Рушніцкі (парафія Божай Міласэрнасці, Гродна),
- Максім Ваўчок (парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай, Масты),
а новым студэнтам семінарыі ў Пінску стаў
- Аляксей Бакаў (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пінск).
Нагадаем, што па выніках першага туру ўступнага экзамену, які прайшоў у Мінску 24 ліпеня, на першы курс Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўжо былі залічаны пяць кандыдатаў : трое з Гродзенскай дыяцэзіі і па адным з Віцебскай дыяцэзіі і з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Просім усіх людзей добрай волі аб малітве ў інтэнцыі новых семінарыстаў, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства.